Акцыя салідарнасці з Беларуссю ў Беластоку
21 кастрычніка на Рынак Касцюшкі прыйшло амаль паўсотні чалавек, каб паказаць, што яны нязгодныя з тым, што адбываецца ў Беларусі. На акцыі гучалі лозунгі „Жыве Беларусь!”, „Верым, можам, пераможам!” ды іншыя.

Пра ўдзел у акцыі кажуць яе ўдзельнікі:
– Зараз мы з’яўляемся голасам тых беларусаў, якія ў Беларусі не могуць прамаўляць. Гэта наш абавязак, гэта наш боль. Калі людзі збіраюцца дагэтуль, то значыць гэта не перастае балець, не перастае быць актуальным. Людзі далей знаходзяцца ў турмах, людзей катуюць, забіваюць. Правы чалавека – гэта пусты гук на Беларусі, таму мы тут павінны быць тут.
– Нарэшце свет пабачыў тое, пра што мы казалі яшчэ паўгода таму, калі беларусы спрабавалі блакаваць дарогі на выезд, тады нас ніхто не пачуў, а зараз выявілася, што рабіць гэта трэба было яшчэ тады.
Падтрымаць беларускіх актывістаў прыйшоў дэпутат Еўрапарламента Томаш Франкоўскі:
– Я прыйшоў, каб выразіць пратэст супраць метадаў Аляксандра Лукашэнкі. Катаванняў, метадаў, якія выкарыстоўвае рэжым Лукашэнкі ў адносінах да беларускай апазіцыі. Людзей садзяць у турму за выражэнне сваіх думак. Мы не перастанем пакуль гэта не скончыцца.
Скончылася акцыя пад супольны спеў песні „Муры”, напісанай польскім спеваком Яцэкам Качмарскім у 1978 годзе, якая ў Беластоку гучала ў арыгінале па-польску.

Беларускае Радыё Рацыя
