Акцыя ў Беластоку: Напішы ліст палітвязню



Найменш 50 паштовак беларускім палітычным зняволеным падпісалі сёння, 23 студзеня, прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Акцыя адбылася ў прасторы для беларускіх журналістаў у Беластоку, кажа кіраўнік каворкінгу Руслан Кулевіч:

– Да нас звярнуліся прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Беластоку і прапанавалі зрабіць такую акцыю. Мы не адмовіліся, бо мы лічым, што трэба дапамагаць палітвязням як можна. Напрыклад, мы тыдзень таму на адкрыцці каворкінгу рабілі акцыю: „Напішы ліст да журналіста палітвязня”. Зараз пішуць прадстаўнікі дыяспары, пішуць тым палітвязням, якія не журналісты. Гэта амаль тысяча людзей. Я лічу, што трэба праводзіць такія акцыі. Гэта тое, што мы можам зараз рабіць для падтрымкі нашых беларусаў.

Прадстаўніца беларускай дыяспары распавяла, як выбіралі тых, каму пісаць паштоўкі.

Гэта самы просты спосаб выказаць нашу салідарнасць, але таксама ён адзін з самых важных. Тыя палітзняволеныя, якія выходзяць, і якія там знаходзяцца, не раз у сваіх лістах падкрэслівалі, як важна для іх атрымліваць такую падтрымку – атрымліваць лісты. Мы выбіралі адрасатаў такім чынам, каб былі людзі, пра якіх вядома, што яны атрымліваюць мала лістоў. Таксама трохі гарадзенскіх людзей, бо ў нас тут шмат гарадзенскіх і яны хацелі б напісаць сваім.

А пісалі не толькі гарадзенцам, у тым ліку журналісту Дзянісу Івашыну, але і Аляксею Кудзіну, Марыне Золатавай, Марыі Калеснікавай ды іншым менш вядомым палітвязням. Пасля паштоўкі будуць адпраўленыя ў Беларусь у турмы, ізалятары і калоніі, дзе ўтрымліваюць беларускіх палітычных зняволеных, якіх праваабаронцы налічылі на сёння 988 чалавек.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя