Акцыя з нагоды 30-х угодкаў абвяшчэння Дэкларацыі незалежнасці Беларусі ў Беластоку



Каля консульства Беларусі ў Беластоку адбылася санкцыянаваная акцыя з нагоды 30-х угодкаў абвяшчэння Дэкларацыі незалежнасці Беларусі.

Прысутнічала больш за 50 чалавек.

Удзельнікі зачыталі эсэй Уладзіміра Арлова „Незалежнасць – гэта…”

Удзельнікі мітынгу таксама ўспомнілі, што сёння аўтар эсэ „Незалежнасць – гэта” Уладзімір Арлоў святкуе дзень народзінаў і публічна віталі гэтую падзею.

Прагучаў таксама заклік да больш частых выхадаў да кансуляту.

Адзін з выступоўцаў адзначыў, што беларусы самі аддалі ўладу Лукашэнку. Выйсце – грамадзянская актыўнасць, напрыклад, масавыя пісьмовыя звароты з патрабаваннем выпусціць зняволеных, адсочванне законаў і законапраектаў, якія парушаюць базавыя правы чалавека ў Беларусі, пісьмовае адстойванне статусу беларускай нацыянальнай сімволікі.

Працуе свабодны мікрафон: прысутныя вітаюць адзін аднаго са Святам Незалежнасці. Усё як адзін упэўнены: тое, што даецца з цяжкасцю – найбольш каштоўнае для любога народу. Беларусы не да канца зразумелі сваю незалежнасць, калі з’явілася пагроза яе згубы.

Новая акцыя адбудзецца ў Беластоку 30-га жніўня і будзе прысвечана сімвалічна-жартаўліваму святкаванню дня нараджэння Лукашэнкі.

Перадае наш карэспандэт з месца падзей:

– Каля кансуляту Беларусі ў Беластоку праходзіць акцыя салідарнасці ў гонар 30-годдзя з дня абвяшчэння Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі. Пад гукі гімна адбываецца ўзняцце вялізнага бел-чырвона-белага сцягу, які ўздымаецца на вышыню 6 метраў. Усе прысутныя вітаюць яго. Сапраўднае атрымліваецца свята, якое павінна быць у гэты дзень у Беларусі. Таксама прысутныя зачыталі эсэй Уладзіміра Арлова «Незалежнасць – гэта…» Некалі сам Арлоў чытаў у Беластоку гэтыя радкі. На жаль, яны не губляюць актуальнасць да гэтага часу.

 

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Вольгі Сямашкі і Ладзіка Майніча