Беласток: Акцыя да Дня Міжнароднай Салідарнасці з Беларуссю



Прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай дыяспараў Беластоку правялі каля будынку Генконсульства Рэспублікі Беларусь супольную акцыю з нагоды Дня Міжнароднай Салідарнасці з Беларуссю.

Такія ж акцыі прайшлі ў Варшаве, Гданьску і Шчэціне.

На акцыі прысутнічаў галоўны рэдактар Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа.

Выступіў прадстаўнік украінскай дыяспары Антон, які распавёў пра актуальную ваенную сітуацыю ва Украіне і выказаў словы падтрымкі Беларусі.

Прысутныя агучылі меркаванні, што ў Беларусі ўсё ж мірны шлях выхаду з-пад уплыву Расеі.

Яўген Вапа: „Нас многа, бо мы змаглі аб’яднацца і выступіць супраць лукашызму і пуцінізму. Усе, хто зняволеныя, мусяць ведаць, што мы прадстаўляем і іх па ўсім свеце, каб паскорыць іхняе вызваленне”.

Прагучаў заклік працягваць вучыць беларускую мову, пачынаць з самога сябе, каб несці беларускія сцягі надалей. Прыклад у гэтым можна браць з Украіны. Удзельнікі мітынгу распавядаюць пра лес палітзняволеных у Беларусі. Нягледзячы на хваробы, інваліднасць, пол, узрост і абмежаванні людзі з Беларусі церпяць ад пераследу органаў.

Беларусы, якія нядаўна прыехалі з Беларусі, распавялі пра працяглыя рэпрэсіі і выступаюць за тое, каб Беларусь уступіла ў ЕЗ.

Прадстаўніца ўкраінскай дыяспары Крысціна выканала ўкраінскую песню „Рідна мати моя”.

Прагучала запрашэнне на футбольны матч у гонар Аляксандра Івуліна. Таксама анансаваны летнік для беларускіх актывістаў у Аўгустове. На завяршэнне мітынгу прагучаў беларускі гімн „Пагоня”.

Прагучала меркаванне, што пратэсны актыў усё ж такі ў сваёй большасці застаецца ў Беларусі. Рэжым не зможа яго стрымаць. Гэта сем’і і сябры палітзняволеных, колькасць якіх расце.

Удзельнікі прыйшлі на акцыю з нацыянальнай беларускай і ўкраінскай сімволікай.

З Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку традыцыйна ніхто не выйшаў.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]