Алег Аўчыннікаў: Мы да вайны гатовыя!



Для многіх беларусаў Украіна стала амаль другой Радзімай пасля выбраў у 2020-м, калі людзі вымушаны былі з’язджаць з-за палітычнай сітуацыі.

Для нашага ж сённяшняга героя Украіна стала другім домам у 2014-м, пасля Майдана.

Час прайшоў. Цяпер ён актыўна ладзіць беларускія акцыі ў Кіеве і падтрымлівае суайчыннікаў.

Пра няпросты лёс, рэферэндум у Беларусі і бяспеку ва Украіне, а таксама пра акцыі дыяспары наш карэспандэнт Марына Савіцкая паразмаўляла актывістам з Алегам Аўчыннікавым:

– Напэўна само сабой так склалася. Нас была група беларусаў, якая яшчэ ў 2014 годзе рабіла акцыі. Частка з іх з’ехала ў Польшчу, такім чынам я тут застаўся адзіным, хто працягваў рабіць акцыі. Потым пачаўся 2020 год, калі прыехала вельмі шмат беларусаў. Мы пачалі разам праводзіць акцыі, якія праводзім да сённяшняга дня. Людзі пастаянна мяняюцца, актыў наш асноўны, хтосьці ўжо з’ехаў, але ёсць каманда, якая працягвае гэтым займацца.

РР: Якая з праведзеных акцый была найбольш яркая?

Самая яркая была дзесьці ў сярэдзіне верасня 2020 года, калі мы праводзілі марш з Міхайлаўскай плошчы да пасольства Беларусі. Тады багата людзей было, плюс яшчэ была акцыя, якая праводзілася ў Польшчы, у Францыі, – „Ланцуг адзінства”. Мы расцягнуліся ад пасольства Беларусі да Майдана Незалежнасці. Было вельмі шмат нашых беларусаў, увесь Кіеў гэта бачыў і падтрымліваў. Плюс яшчэ Марш Жызнеўскага мінулага году, калі таксама шмат беларусаў прыйшло, шмат было ўкраінцаў. Ну і канешне Дзень Незалежнасці Украіны таксама запомніўся, калі масава нашыя беларусы былі прысутныя. Дзень Волі мінулагодні напэўна самая масавая беларуская акцыя за ўсю гісторыю ў Кіеве.

РР: Ці складана ладзіць акцыі ва Украіне ў Кіеве?

– Калі браць у плане юрыдычным, то вельмі проста. Тут у адрозненні ад Беларусі не трэба ніякія дазволы пісаць за пару месяцаў. Проста дзейнічае прынцып паведамлення, калі паведамляеш мясцовыя органы ўлады, або проста звязваешся з паліцыяй ці Нацгвардыяй і кажаш, што хочаш правесці акцыю ў такі і такі час. Іх абавязак нас ахоўваць, вось і ўсё.

РР: Ты адчуваеш вастрыню тэмы акцыі ці яны ўсе аднолькавыя?

– Я не магу неяк адзначыць адну тэму акцыі, з тых што мы праводзілі, кожная тэма акцыя блізкая да сэрца. Калі бачыш беларусаў, якія прыходзяць на акцыю, мы праводзім акцыі кожную нядзелю на Майдане, людзі прыходзяць, знаёмяцца з намі. Калі прыязджаюць новыя беларусы з Менску, з іншых гарадоў Беларусі. Калі яны сутыкаюцца з намі і пытаюцца пра дапамогу, як можна дапамагчы, што можна рабіць у Кіеве. Само сабой гэта натхняе на далейшыя дзеянні, на далейшую нашую барацьбу.

РР: Ці праўда, што на акцыі прыходзяць людзі, задача якіх сачыць за людзьмі?

– Такія сітуацыі былі, была нават бойка з мясцовымі „ябацькамі”. Потым высветлілася, што ім заплацілі грошы людзі з пасольства, каб яны прыйшлі на нашую акцыю і там зрабілі правакацыю. На нашых акцыях канешне прысутнічаюць людзі ў цывільным, але гэта збольшага мясцовая паліцыя, мясцовая Нацгвардыя і мясцовыя спецслужбы, якія нас ахоўваюць. Рэжым спрабуе дыскрэдытаваць акцыі або нашкодзіць, бо яны адчуваюць пагрозу.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Дарэчы, падтрымаў украінцаў Алег і ўчора, зладзіўшы каля амбасады Расеі ў Кіеве акцыю супраць увядзенне войскаў на тэрыторыю Беларусі.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]