Алег Латышонак: Дзеянні „Бурага” – гэта злачынства



У Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку сабралася каля 200 чалавек. Падчас мерапрыемства давалася ацэнка дзейнасці атраду польскага антыкамуністычнага падполля на Беласточчыне пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса „Бурага”, а таксама была прадстаўлена выстава „Наша памяць”.

З дакладам выступіў гісторык прафесар універсітэта ў Беластоку Алег Латышонак, які звярнуў увагу на тое, што тэрмін пацыфікацыя ў дачыненні да спаленых беларускіх вёсак на Беласточчыне – неадэкватны:

– Падчас пацыфікацыі можна спаліць вёску, можна нават некалькі чалавек забіць, калі ёсць канкрэтныя доказы, што яны ворагі, што яны нейкую варожую дзейнасць праводзяць. Падпаліць вёску і страляць ва ўсіх – гэта ўжо не пацыфікацыя, а злачынства. Пра пацыфікацыю можна казаць толькі ў двукоссі. 

Большасць прысутных негатыўна ставіцца да дзеянняў „Бурага”:

– Дома казалі, што калі хтосьці прызнаваўся, што праваслаўны, то мог загінуць. 

– У Сольніках і Хаеве пераследавалі праваслаўных жыхароў. Не ведаю ці гэта таксама быў „Буры”. 

– Выстава паспрыяла таму, што пры бліжэйшай нагодзе запытаю ў бабулі ці штосьці ведае.

– Ніводны сумленны чалавек не павінен маўчаць, калі ўхваляецца злачынца.

– Я лічу, што „Буры” змагаўся з камуністамі, быў „выклятым жаўнерам” і ўсё. 

Вернісаж выставы „Наша памяць” прайшоў 29 студзеня ў Заляшанах, пазней выставу прэзентавалі ў Бельску і Гайнаўцы . На 13 стэндах прадстаўлены падзеі са студзеня – лютага 1946 года, калі аддзелам „Бурага” было спалена 5 беларускіх вёсак і застрэленыя, спаленыя або закатаваныя 79 цывільных жыхароў – палова з якіх жанчыны і дзеці.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]