Алесь Зарэмбюк: Польскія мабільныя аператары маглі б дапамагчы беларусам



Фонд Беларускі Дом у Варшаве звярнуўся да Польскай Палаты Інфарматыкі і тэлекамунікацыі з просьбай падтрымаць беларусаў, якія адстойваюць свае правы на свабоду слова і выбару. Яны просяць польскіх аператараў мабільнай сувязі дапамагчы беларусам у захаванні доступу да незалежнай інфармацыі, у выпадку калі беларускія ўлады пачнуць блакаваць інтэрнэт і тэлефонную сувязь, як гэта было 9 і 10 жніўня. Польскія тэлекампаніі маглі б дапамагчы беларусам зніжаючы кошты на свае паслугі, – кажа старшыня Фонду „Беларусі Дом у Варшаве” – Алесь Зарэмбюк:

– Каб людзі на Гарадзеншчыне, на Берасцейшчыне, нават калі яны жывуць далей, каб яны ведалі, што яны могуць пад’ехаць у нейкую кропку, дзе цягне польскі мабільны аператар, і бясплатна, ці з мінімальнымі аплатамі, лепш, канешне, бясплатна, маглі выслаць неабходную інфармацыю, пазваніць, напісаць смс, калі раптам Аляксандр Лукашэнка і яго рэжым зноўку заблакуе інтэрнэт у Беларусі.

„Ініцыятыву Фонду падтрымалі дэпутаты польскага Сойму ад розных палітычных партыяў. Прэзідыум Парламенцкай групы польскага Сойму па Беларусі, а таксама еўрадэпутат, сябра дэлегацыі ў Парламенцкую асамблею “Еўранэст” – Анджэй Галіцкі. Адказ ад Польскай Палаты Інфарматыкі і тэлекамунікацыі на зварот чакаецца ў панядзелак.

Беларускае Радыё Рацыя