Алея Герояў Нябеснай сотні ў Кіеве



24 жніўня Украіна адзначыла Дзень Незалежнасці. Для паўднёвых суседзяў Беларусі гэты дзень за апошнія гады набыў новае значэнне: пытанне незалежнасці і тэрытарыяльнай прыналежнасці да Украіне востра стаіць у акупаваных Расеяй частках Луганскай і Данецкай абласцей і паўвыспе Крым.

У цэнтры Кіева на Дзень Незалежнасці адбыўся парад войскаў, але без такой пампезнасці, як парады праводзяцца ў Беларусі часоў Лукашэнкі. Прайшоў ён у самым цэнтры ўкраінскай сталіцы, дзе пралягае Алея Герояў Нябеснай сотні, названая так у гонар удзельнікаў Майдану. 20 лютага 2014 года па загадзе тагачаснага прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча тут адбыліся расстрэлы мірных грамадзян. Усяго, паводле афіцыйнай статыстыкі, загінула 105 чалавек. Гэта прадстаўнікі розных пластоў народа, розных прафесій і рознага веку — настаўнікі, вучоныя, спартоўцы, студэнты, пенсіянеры… Сярод загінуўшых і траўмаваных на Майдане былі не толькі украінцы — таксама сярод ахвяраў беларусы, армяне, грузіны, крымскія татары і прадстаўнікі іншых нацый.

Пасля таго, як улада ва Украіне змянілася, было прынята рашэнне па ўшанаванні памяці ахвяраў. Было вырашана пераназваць частку вуліцы Інстытуцкай, якая пралягае ад Майдана Незалежнасці да вуліцы Ольгінскай, у алею Герояў Нябеснай сотні. Таксама ў Кіеве з’явіўся сквер Герояў Нябеснай сотні. Працягласць алеі складае ўсяго 756 метраў, аднак на гэтым невялікім адрэзку знаходзіцца шмат згадак пра трагічныя падзеі лютага 2014 года. Каскі, самаробныя шчыты, якімі людзі намагаліся хоць неяк абараніцца ад узброеных атрадаў “Беркута” і нанятых уладаю ім на дапамогу “цітушак”, — усё гэта тут. У асобную горку складзеныя абломкі пліткі з ходнікаў, якой дэманстранты закідвалі “Беркут” у адказ на яго жорсткія дзеянні. Прысутнічаюць тут і стужкі ў колерах іншых краін, чые грамадзяне дапамагалі бараніць дэмакратыю ва Украіне, напрыклад, на алеі вісіць сцяг Канады, як кажуць кіяўляне, яго тут павесілі прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары гэтай краіны. Асобная шыльда прысвечана Міхасю Жызнеўскаму – беларусу, які стаў адной з першых ахвяраў Майдану. Наш зямляк загінуў літаральна за паўкіламетра ад алеі — каля стадыёна “Дынама” у аўтамабільных шынах стаяць вялікі бел-чырвона-белы сцяг і партрэт Жызнеўскага. На Алеі Герояў Нябеснай сотні адразу ў некалькіх месцах побач з паўсюднымі ўкраінскімі жоўта-блакітнымі стужкамі вісяць і стужкі бел-чырвона-белыя ў гонар тых беларусаў, якія ўдзельнічалі ў Майдане. Таксама на алеі нярэдка можна пачуць і беларускую мову — сюды часта завітваюць беларускія турысты і беларусы, якія жывуць ва Украіне. Яны прыходзяць сюды, каб ушанаваць палеглых за свабоду.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара