Аліцыя Петручук – рэпартажыстка родам з Гайнаўкі
У Цэнтры прамоцыі рэгіёна «Чарлёнка» ў Гайнаўцы сустрэліся з Аліцыяй Петручук. Журналістка і рэпартажыстка Польскага Радыё Беласток, кіраўнік рэдакцыі нацыянальных меншасцяў, член калектыву журналістаў беларускамоўнай перадачы «Пад знакам Пагоні», беларуска родам з Гайнаўкі распавяла пра працу на радыё.
На думку Аліцыі Петручук самым важным з’яўляюцца эмоцыі:
— У радыёрэпартажы найважнейшыя заўсёды эмоцыі. Памятаюцца толькі эмоцыі. І пераказаць гэтую эмоцыю, стварыць гэтую эмоцыю — гэта самае важнае. Я маю ў сабе польскі культурны код, які я вельмі добра разумею, і беларускі культурны код, які таксама добра разумею. І гэта дазваляе мне можа шырэй бачыць, можа глыбей, можа лепш разумець.
Сваім самым важным дагэтуль рэпартажам, Аліцыя Петручук лічыць «Увесь ваш», які расказвае пра прыезд у вёску Махнатае тагачаснага прэзідэнта Польшчы Аляксандра Кваснеўскага. Рэпартаж атрымаў у 1998 годзе ўзнагароду «Прэмі-ос Ондас» — галоўную прэмію Міжнароднага фестывалю радыё- і тэлежурналісцкай творчасці ў Барселоне.
Давід Гайко, Беларускае Радыё рацыя