Аляксандр Кваснеўскі прызнаўся, што турма ЦРУ ў Польшчы была пабудавана з яго дазволу



Экс-прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі прызнаўся, што асабіста дазволіў Цэнтральнаму Выведвальнаму Упраўленню ЗША пабудаваць таемную турму на тэрыторыі сваёй краіны. На спецыяльнай прэсавай канферэнцыі тагачасны прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі і былы прэм’ер-міністр Лешэк Мілер патлумачылі прычыны такога рашэння.

Аляксандр Кваснеўскі:  Калі мы супрацоўнічаем са Злучанымі Штатамі, калі яны звяртаюцца ў гэтым працэсе дапамагчы, то маем абсалютную ўпэўненасць, што іх дзейнасць будзе арганізавана згодна найвысшых уласных нормаў. Праблемай ёсць тое, ці сапраўды прэзідэнт Буш быў ашуканы праз уласную спецслужбу.

Лешэк Мілер: Ніводзін польскі функцыянер службы выведкі, ці якой іншай спецслужбы, не меў звестак пра ўжыванне катаванняў. Гэта ж не датычыць увогуле Польшчы, не датычыць польскіх спецслужб.

Прызнанне найвышэйшых польскіх урадоўцаў адбылося пасля таго, як Сенат ЗША апублікаваў рапарт аб сакрэтных аб’ектах ЗША на тэрыторыі Еўропы.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота glavred.info