Аляксандр Стральцоў: Для выхаду з крызісу патрэбна жаданне ўладаў Беларусі



Штурмаваць польскую мяжу і ствараць нагоду для вайны – галоўная думка рэжысёраў канфлікту з „турыстамі”-мігрантамі, якія апынуліся на беларускай памежнай зоне і паласе.

Шлях выхаду з крызісу бачыць Аляксандр Стральцоў, аўтар леташняй праграмы „Шлях эвалюцыі”.

– Калі ім дазваляюць спаць на вуліцах, калі ім дазваляюць біць і ламаць памежныя польскія слупы… Гэтыя дзеянні праводзяцца з беларускай тэрыторыі. І ў прынцыпе гэта ўжо нагадвае фільм „Казус Бэлі”, калі нейкія арганізаваныя штурмавыя калоны, узброеныя халоднай зброяй, а Лукашэнка сказаў, што ў іх ужо ёсць сапраўдная зброя з Данбасу, то з боку Польшчы я спытаў бы: хлопцы, а вы кантралюеце сваю тэрыторыю, ці не, ці можа вам дапамагчы, увесці «белыя каскі» на гэтыя кіламетры.

Адказнасць па вывазе „турыстаў”-мігрантаў ляжыць на уладах Лукашэнкі і турыстычных перавозчыках, якія добра нажыліся на іх. Для выхаду з крызісу яны мусяць прыкласці намаганні, мяркуе Аляксандр: „Звярніцеся ў міжнародныя структуры, прынамсі, у Нямеччыну: бо туды „турысты” хочуць трапіць”.

– Вы звярніцеся афіцыйна да ААН, да міжнародных інстанцый, да Еўразвязу, скажыце, вось у нас спіс 4300 чалавек. 4000 з пашпартамі, 300 без нічога, жанок 250, дзяцей 205. Яны хочуць да вас. І калі вас пашлюць у грубай форме, тады вы можаце казаць, што палякі нейкія кепскія. А палякі ідуць на прынцып, яны абараняюць сваю мяжу ад незаконных перамяшчэнняў.

У Беларусі зараз ідзе моцная прапагандыская акцыя, у якой вінавацяць Польшчу, што нібыта не аказвае гуманітарнай падтрымкі „турыстам”-мігрантам, якіх цікавіць Нямеччына. Але дзеянні мігрантаў цалкам пад кантролем сілавікоў Беларусі і Расеі.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя