Анджэй Струміла: Беларусь – гэта мая Бацькаўшчына



2017-ы на Падляшшы аб’яўлены годам выдатнага мастака і прыхільніка ідэі Вялікага Княства Літоўскага Анджэя Струмілы.

У Падляшскай оперы і філармоніі ў 90-ыя ўгодкі мастака ўрачыста абвясцілі, што 2017-ы – год яго імя. Пажаданні здароўя і плённых гадоў працы перадалі ўлады ваяводства, прадстаўнікі міністэрства культуры Польшчы і сябры мастака.

Струміла нарадзіўся ў Вільні, жыве на Сувальшчыне, а яго карані паходзяць з цэнтральнай Беларусі. Як адзначае сам мастак, сярод яго сябраў многа беларускіх дзеячаў культуры:

– Беларусь, Менская зямля – гэта мая Бацькаўшчына. Мой дзед і мой бацька нарадзіліся ў Менску. Я ў Менску сам бываў, ёсць у мяне сябры, аўтары, дзеячы культуры. Беларуская мова вельмі блізкая майму сэрцу.   

Анджэй Струміла, сярод іншых, сябраваў з беларускім пісьменнікам Сакратам Яновічам. У творчай біяграфіі мастака больш за сто індывідуальных выставаў (жывапісу, малюнкаў, фатаграфіі). Струміла паказваў свае творы ў Токіа і Берліне, Маскве і Пекіне, Нью-Ёрку ды Брэмене. Яго новая кніга пра падарожжа ў Сібір у сакавіку з’явіцца ў польскіх кнігарнях.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя