Андрэй Сцепанюк: Падобныя конкурсы пашыраюць зацікаўленне беларускай мовай



Фінальны этап прадметнага конкурсу па беларускай мове прайшоў у будынку ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім.  21 навучэнец пачатковых школ, якія былі адабраныя сярод сотні ўдзельнікаў раённых этапаў, прынялі ўдзел у заключных выпрабаваннях.

Паведаміў дырэктар агульнаадукацыйнага ліцэя з Беларускай мовай навучання Андрэй Сцепанюк:

– Я цешуся таксама, напрыклад, з таго, што ёсць вучаніца з Турослі Касцельнай, здаецца, яшчэ ніколі раней не здаралася, каб нехта з гэтай школы прыняў удзел у конкурсе. Веру ў тое, што ўсё ж такі будзе пашырацца зацікаўленне беларускай мовай. Спадзяюся, што гэты конкурс у нейкі спосаб будзе ўплываць на гэта.

Прадметны конкурс па беларускай мове праходзіў у пісьмовай форме. Цягам паўтары гадзіны вучні спраўджалі свае веды па літаратуры, граматыцы і рэгіянальнай гісторыі. Прозвішчы лаўрэатаў, якія атрымаюць прывілей паступаць у выбраную школу пасля заканчэння пачатковай адукацыі, камісія назаве праз некалькі дзён.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя