Андрэй Вашкевіч: Важна, каб наша гісторыя не стала міфам



Дыскусіі пра сучасныя праблемы памежжа, якія вынікаюць з гістарычных падзеяў. “Супольная спадчына земляў паўночна-ўсходняй Другой Рэчы Паспалітай” – гэта тэма міжнароднай канферэнцыі, якая прайшла ў Беластоку. У дэбатых удзельнічалі беларускія гісторыкі з Беластока Алег Латышонак, Яўген Мірановіч ды Андрэй Вашкевіч з Гародні.

Як лічыць Андрэй Вашкевіч, уніфікацыйная палітыка сённяшняй польскай і беларускай уладаў за некалькі дзесяцігоддзяў прывядзе да знікнення нацыянальных меншасцяў у абедзвюх краінах:

– Вельмі важна сёння зрабіць так, каб наша гісторыя, у тым ліку і гісторыя Другой Рэчы Паспалітай, не перайшла канчаткова ў сферу міфа. Таму што міф – гэта страшна небяспечная рэч. Усе – і дзяржава, і палітыкі, і грамадскія дзеячы могуць, аперыруючы міфамі, казаць людзям няпраўду. А гэта прыводзіць да таго, што паўстаюць канфлікты, абсалютна аддаленыя ад гістарычнай праўды ўспрыманні гісторыі.  І заканчваецца гэта трагедыяй.

Канферэнцыю “Супольная спадчына земляў паўночна-ўсходняй Другой Рэчы Паспалітай” сарганізаваў Рэгіянальны асяродак міжнародных дэбатаў у Беластоку.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота t-styl.info