Антоні Мацярэвіч: Падтрымка беларускай апазіцыі павінна быць доўгатэрміновай



Падтрымка беларускай апазіцыі павінна быць доўгатэрміновай, каб дэмакратычны рух мог быць стала прысутны на палітычнай сцэне. Пра гэта на хвалі Польскага радыё заявіў віцэ-старшыня польскай кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Антоні Мацярэвіч.

Паводле яго, дзеянні Польшчы і заходніх краін павінны быць накіраваны на ўзмацненне структур дэмакратычных рухаў у Беларусі:

– Дапамога гэтаму руху сёння з’яўляецца самай важнай. У тым ліку для палякаў, якія жывуць у Беларусі, і якія маюць права арганізаваць свае незалежныя структуры. Польшча не мае ніякіх намераў змены межаў. Але Польшча ніколі не забудзе пра палякаў, якія падвяргаюцца такім жа самым рэпрэсіям, як рэшта беларускіх грамадзян, якія змагаюцца за дэмакратыю.

Антоні Мацярэвіч дадаў, што Польшча павінна мабілізаваць іншыя краіны Еўразвязу да рашучых крокаў на карысць дэмакратызацыі Беларусі.