«Антракту» 20 гадоў



«Антракту» 20 гадоў. Тэатральны калектыў адзначыў юбілей сваёй дзейнасці ў Бельскім доме культуры, дзе і яго заснавалі. Рэпертуар групы складаюць спектаклі на беларускай літаратурнай мове, гаворцы ды на польскай мове, вялікую частку сцэнічнай дзейнасці «Антракту» складаюць беларускія народныя абрады.

На ўрачыстасці прысутнічалі як цяперашнія так і першыя члены калектыва: «Прыемна было зноў разам сустрэцца з усімі пакаленнямі «Антракту»», — кажа мастацкі кіраўнік групы, Альжбета Фіёнік:

Мы хацелі ўспомніць тое, што было калісьці.. Былыя сябры нашага гуртка сядзелі тут і ўзгадвалі ўсе тыя сцэнары, песні і абрады. «Цмока» мы паказвалі з дзецьмі некалькі гадоў таму назад, паказвалі «Вяселле». Новыя дзеці інакш выконваюць інакш разумеюць свае ролі, усе розныя і кожны раз праяўляецца нехта новы з галоўных акцёраў.

На ўрачыстасці прысутнічалі таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў, Маршалкоўскай управы, Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы ды Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы, якія ўручылі калектыву ўзнагароды да 20-годдзя дзейнасці.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара