Антыбеларуская правакацыя ва Украіне



У Чарнігаве зафіксаваныя антыбеларускія графіці. Вулічныя надпісы з’явіліся яшчэ 28 сакавіка, але ў беларускіх медыях пра іх паведамілі толькі 1 красавіка.

Надпісы «Бульбани – геть!» і «Бульбаши що москалі» («Бульбашы – прэч!» і «Бульбашы, што маскалі») з’явіліся на сцяне вулічнай крамы, якая спецыялізуецца на беларускіх продуктах. Крама знаходзіцца на ўскрайку горада, дзе няма відэакамер наружнага назірання і мала мінакоў.

Першым пра з’яўленне вулічнага графіці паведаміў прарасейскі рэсурс «Народная дружына» (нашчадак сумнавядомага “Антымайдана”). Інфармацыю ўзяліся пашыраць сайты расейскіх імперцаў, пагромнікаў і чарнасоценцаў, дзе віну за графіці традыцыйна ўсклалі на “украінскіх нацыяналістаў” і “фашыстаў-бандэраўцаў”. Эстафету падхапілі і беларускія рэсурсы розных ступеняў маргінальнасці, прытым у каментарах актыўнічаюць прарасейскія тролі з антыбеларускімі і антыўкраінскімі выказваннямі.

Супаставіўшы месца з’яўлення графіці, ідэалагічную арыентацыю сайта, які пра яго паведаміў першым, і шалёную актыўнасць пракрамлёўскіх троляў, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што гэта правакацыя трэцяга боку, мэта якой відавочная: перасварыць беларусаў і ўкраінцаў.

Нагадаем, што паводле прэс-цэнтра СБУ ад 23 сакавіка, у тым жа Чарнігаве была выкрытая група злачынцаў, якая займалася антыпольскімі і антысеміцкімі правакацыямі па замове расейскіх спецслужб.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя