Апытанка ў Чарнігаве: Ці сапраўды ва Украіне ўціскаюць рускамоўных?



1Расейскія медыя па-ранейшаму сцвярджаюць, што ва Украіне трымаюць рэй ультранацыяналісты, гітлераўцы і фашысты, якія шалёна ўціскаюць усіх, хто размаўляе ў побыце па-расейску і што за няведанне ўкраінскай мовы людзей выганяюць з працы і нават збіваюць.

Ці адпавядаюць гэтыя сцвярджэнні рэчаіснасці?

Наш карэспандэнт Марцін Война пацікавіўся ў гараджанаў Чарнігава.

РР: Ці ўціскаюць ва Украіне за размовы на расейскай мове?

Наталля Міхайлаўна, праўніца: Хто вам сказаў такую бязглуздзіцу? Вядома ж, трэба ведаць дзяржаўную мову як мову дакументаў. Можна размаўляць і на расейскай мове, і якой заўгодна іншай!

Аляксей Корж, старшыня чарнігаўскага аддзялення “Правага Сектара”: У нас няма такога, як у некаторых іншых арганізацыях, што чалавек павінен размаўляць толькі на ўкраінскай.

Наталля, выкладчыца музыкі: У маёй краіне не было ніякіх уціскаў. Я размаўляю на той мове, якая мне падабаецца.

Лізавета, школьніца: Кожны чалавек можа размаўляць на той мове, якая яму падабаецца. Але, на мой погляд, кожны чалавек, які жыве ва Украіне, павінен валодаць дзяржаўнай мовай.

Аксана, маладая маці: Мяне асабіста – не, не ўціскаюць. І я, і маё дзіцяці размаўляем на расейскай.

Зінаіда Сцяпанаўна, бібліятэкарка: Пераважная большасць размаўляе на расейскай. На працы мы кантактуем на расейскай. Так, уся дакументацыя на ўкраінскай мове, але і тое па жаданні. Я вось працую ў бібліятэцы, да нас прыходзяць чытачы. “Якой мовай запаўняць фармуляры?” – “Ды якой зручна!” І я, а мне ўжо 30 гадоў, і мая сям’я, і мае блізкія ніколі не мелі ніякіх моўных праблем.

Цётка Тоня, прадавачка з рынку “Ніва”: Гэта нахабная брахня! Можа быць мова, якая хочаш. Мне ўвогуле няма розніцы, хто да мяне прыйшоў – немец, паляк, беларус, украінец, расеец…

Галіна, медычная сястра: Як гэта нельга размаўляць на расейскай мове?! Гэта нейкія дурныя плёткі. Я працую медычнай сястрой у шпіталі. Я штодня выдаю сотні даведак. Вядома ж, усе дакументы, усе фармуляры, усе гісторыі хвароб я пішу дзяржаўнай украінскай мовай. Але ж у нашым горадзе размаўляюць і ўкраінска-расейскім суржыкам, і ўкраінска-беларускай трасянкай. Гэта ўсё дурота расейскіх тэлеканалаў. Ведаеце, мне ажно смешна…

Людміла Міхайлаўна, старшы навуковы супрацоўнік: Чарнігаўшчына – гэта памежная тэрыторыя, за 60 кіламетраў ад нас знаходзіцца Сінькоўка, месца, дзе сыходзяцца межы Украіны, Беларусі і Расеі. Мы размаўляем не толькі на ўкраінскай, але і расейскай мове. Так што прыязджайце, будзем кантактаваць, распавядзём пра наш прыгожы Чарнігаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

 

[manual_related_posts]