Арганізацыі беларускай меншасці ў Польшчы выказваюць шкадаванне з нагоды публікацыі артыкула на tvp.info



Арганізацыі беларускай нацыянальнай меншасці ў Рэспубліцы Польшча выступілі з заявай, у якой выказваюць шкадаванне з нагоды артыкула, які 23 лістапада з’явіўся на сайце www.tvp.info пад загалоўкам „Гераіня рэпартажу TVN: Я выбіраю беларускую нацыянальнасць, мы прысутнічаем у гэтай краіне”, што наўпрост датычыцца ўдзелу жыхаркі Гайнаўкі Кацярыны Вапы ў матэрыяле пра міграцыйны крызіс, які выйшаў напярэдадні на тэлеканале TVN24.

„Аўтары апублікаванага на сайце грамадскага тэлеканала артыкула, спасылаючыся на выказванні гераіні рэпартажу, паказваюць на яе ўдзел у сацыяльнай кампаніі „Я беларус!”, арганізаванай беластоцкім фондам „Тутака” і накіраванай да прадстаўнікоў беларускай меншасці ў кантэксце правядзення Нацыянальнага перапісу насельніцтва і жылля ў 2021 годзе. Галоўнае статыстычнае ўпраўленне ў сваіх рэкламных кампаніях неаднаразова прасіла ўсіх грамадзян Рэспублікі Польшча без асцярогі вызначаць сваю нацыянальнасць. З гэтай мэтай таксама друкаваліся інфармацыйныя матэрыялы на мовах нацыянальных меншасцей, якія пражываюць па ўсёй Польшчы. Такія мерапрыемствы падтрымалі і рэгіянальныя прадстаўнікі ГСУ на тэрыторыі Падляшскага ваяводства.

Публікацыя на сайце TVP Info хутка паспрыяла нянавісці да гераіні рэпартажу з-за яе нацыянальнасці. Некаторыя журналісты, каментуючы яе ўдзел у рэпартажы TVN24, выказалі здагадку, што гэтая жанчына была звязана з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі яшчэ і таму, што належала да беларускай меншасці ў Польшчы. У сувязі з вышэйсказаным здзіўляе нас цяперашняя інфармацыйная дзейнасць у некаторых СМІ, якая выклікае хвалю каментарыяў і нянавісці, паклёпу на беларускую меншасць у Польшчы. Такія дзеянні могуць, на жаль, выклікаць пачуццё страху ў польскіх грамадзян беларускай нацыянальнасці.

Мы ўспрымаем супрацьпастаўленне выказванняў Кацярыны Вапы пра бежанцаў і мігрантаў з яе дэкларацыяй прыналежнасці да беларускай нацыянальнай меншасці як недарэчнае. Яно стыгматызуе нас як грамадзян гэтай краіны. Адной з мэт акцыі „Я беларус!” была спроба пераадолення стыгматызацыі беларускай меншасці, што з’яўляецца адным з фактараў, якія
спрыяюць скарачэнню колькасці нашай грамадскай суполкі, улічанай у перапісе 2011 года ў параўнанні з папярэднім у 2002 годзе.

Як прадстаўнікі беларускіх арганізацый, якія дзейнічаюць у Польшчы, мы не згодныя з меркаванымі сцвярджэннямі і інтэрпрэтацыяй выказвання ў кантэксце нацыянальнасці ў эфіры публічнага вяшчання, місія якога таксама заключаецца ў тым, каб улічваць патрэбы нацыянальных і этнічных меншасцей, якія пражываюць у Польшчы. Інфармацыйная дзейнасць TVP Info цалкам адрозніваецца ад слоў прэзідэнта Рэспублікі Польшча спадара Анджэя Дуды, які ў чэрвені гэтага года, калі наведаў Бельск-Падляшскі па запрашэнні нашай меншасці, сказаў наступныя словы: „На жаль, вядзецца шмат мерапрыемстваў, накіраваных на супрацьстаянне нашым народам, і ўсё ж мы грамадзяне адной рэспублікі. Я б вельмі хацеў, каб мы гэтага не дапускалі”.

Мы, ніжэйпадпісаныя, супраць выкарыстання польскіх грамадзян беларускай нацыянальнасці ў мэтах пабудовы цяперашняга палітычнага наратыву.

З павагай,

Тамаш Суліма – Асацыяцыя беларускіх журналістаў у Польшчы
Яўген Вапа – Беларускі саюз ў Рэспубліцы Польшча
Алег Латышонак – Беларускае Гістарычнае Таварыства
Павал Станкевіч – Фонд „Тутака”
Ганна Рута-Карнілюк – Беларускае Аб’яднанне Студэнтаў
Яраслаў Іванюк – Фонд Kamunikat.org
Дарафей Фіёнік – Музей Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах
Ігар Лукашук – „Шчыты” – Звяз у карысць адукацыі і прамоцыі беларускай
культуры
Уршуля Іванюк – Аб’яднанне ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, «АБ-БА».

Фота: Facebook/Fundacja Tutaka