Аўтэнтычны сувенір з Беластоку? Варта зазірнуць у “Следзік”



Беласток актыўна развівае турыстычны бізнес, але пры гэтым у горадзе няма адмысловых крамаў і шапікаў з сувенірамі. Першая такая крама пад назвай “Cледзік” (Sljedzik) працуе ў цэнтры горада насупраць палаца Браніцкіх. Тут ставяць акцэнт на вырабы ручной работы і тыя, якія характарызуюць асаблівасці падляшскага рэгіёну.

Уладальніца прыватнай сувенірнай крамы Катажына Первеніс расказвае, як паўставаў беластоцкі “Cледзік”:

Ідэя паўстала, калі я, як турыстычны праваднік, праводзіла шматлікія экскурсіі па Беластоку як для замежных гасцей, так і для турыстаў з Польшчы. І турысты заўсёды пыталіся пра сувеніры, дзе іх можна купіць. У Беластоку толькі ў некалькіх месцах па-троху прадаюцца сувеніры, але да гэтага часу не было такога месца, якое б было прызначана менавіта на гэтыя мэты. Я кажу і пра такія тыповыя сувеніры, як магніты, кубкі, бралкі ды іншае, але таксама пра вырабы ручной работы, народныя або на падставе народных матываў. І я падумала сабе, што гэта ніша, якую трэба неяк запоўніць, а попыт на турыстычным рынку існуе вялікі.

РР: Як доўга вы ўжо працуеце, наколькі на гэты момант вы задаволеныя першымі вынікамі? Ці атрымліваецца менавіта тое, на што вы спадзяваліся?

Краму я адчыніла ў красавіку 2016 года, таму ўжо амаль год мы функцыянуем. Зацікаўленасць увесь час павялічваецца. Калі казаць пра фінансавыя пытанні, то, безумоўна, на пачатку заўсёды трэба нешта інвеставаць. На шчасце, дакладаць да бізнесу не даводзіцца, але я пакуль і не зарабляю. Скажам так: выходжу “на нуль”. Цяпер, узімку, я актыўна працую над тым, каб больш шырока заіснаваць у інтэрнэце, у фэйсбуку, бо за гэтым усё ж будучыня. Хоць мае галоўныя кліенты – гэта асобы, якія фізічна прыязджаюць у Беласток, але многія турысты перад тым, як ехаць, заглядаюць у інтэрнэт і шукаюць, між іншым, сувенірныя крамы.

Спадарына Катажына прызнаецца, што вырабы ручной працы заўсёды каштуюць даражэй. Таму на палічках прысутнічае і так званая “кітайшчына”.

Зразумела, што трэба ісці на пэўныя кампрамісы. Таму, безумоўна, ёсць у нас і так званая “кітайшчына”. Заходзяць групы турыстаў, якія хочуць набыць нешта на памяць недорага, за 3-5 злотых. Але мне ж перадусім залежыць на тым, каб мець як мага больш рэчаў аўтэнтычных, якія звязаныя з нашым рэгіёнам. У мяне гэта збольшага рэчы, якія вырабляюць мае знаёмыя майстры, якія займаюцца або глінай, або тэкстылем, або нечым іншым. Я таксама сама раблю магніты, малюю па шкле, малюнкі для торбаў і кашулек таксама ў большасці мае аўтарскія. Крама паступова набірае папулярнасць, таму некаторыя самі да мяне тэлефануюць, прапануюць свае вырабы. Я заўсёды ахвотна разглядаю ўсе прапановы, хоць, канешне, тэарытычна ацэньваю, наколькі гэта будзе прадавацца. Добра помню адну кліентку з ЗША, якая пытала ў мяне пра кожную рэч: ці гэта зроблена тут на месцы. І ў большасці выпадкаў я адказвала, што “так”. У мяне было ўражанне, што замежныя турысты так перанасычаныя нейкімі таннымі падробкамі, што для іх важныя менавіта аўтэнтычныя рэчы.

Крама невыпадкова называецца “Sljedzik”. “Жыхары Беластока, або ранейшыя жыхары, гаварылі па-польску своеасабліва, так званай “polszczyzną kresową”, з характэрным зацягваннем. Слова “sliedz” – гэта найлепшы паказчык, бо варшавянін і беластачанін скажуць гэтае слова па-рознаму. І нават не толькі беластачанін, а тутэйшы жыхар пагранічных тэрыторый”, – тлумачыць уладальніца крамы.

РР: Ці ваш прыклад ужо пашыраецца? Можа расце ў горадзе канкурэнцыя?

Заўважаю, што ў апошнія 2-3 гады, калі назіраецца павелічэнне турыстычнага патоку, крамы, якія мелі па адной-дзве палічцы з сувенірамі, маюць цяпер гэтага значна больш. Так што канкурэнцыя расце, але гэта і добра, бо азначае, што і попыт ёсць. Увогуле паступова павялічваецца колькасць месцаў, дзе можна купіць сувеніры.

Гаспадыня прапануе прайсціся па краме, якая налічвае дзве невялікія залі. Спачатку – тыповыя сувеніры: магніты, у тым ліку ручной работы, кубкі, рэчы з польскай нацыянальнай сімволікай.

На адной з палічак – невялікая бібліятэчка, якая будзе пашырацца. “Хачу прапанаваць турыстам альбомы, турыстычныя праваднікі, мапы ды іншае”, – дадае спадарыня Катажына. Кашулькі пакуль толькі двух відаў – з Беластокам і “следзем”, але ў планах – павялічыць гэты выбар.

На адной з палічак заўважаю ляльку-матанку. Аказваецца, робіць іх адна знаёмая гаспадыні, украінка па нацыянальнасці.

Другая заля прысвечана збольшага практычным рэчам. Напрыклад, мясцовыя прыправы, мёд, або касметыка ручнога вырабу. Ёсць і традыцыйная трава “зуброўка” як адзін з сімвалаў Падляшша.

Краму наведваюць у большасці турысты з Польшчы, найбольш з Мазавецкага ваяводства, але таксама з Вармінска-Мазурскага. Ёсць і замежнікі, але незаўсёды гэта турысты. Да прыкладу, у Беластоку навучаюцца замежныя студэнты, з той жа Турцыі, якія паводле гаспадыні “Cледзіка”, заўсёды нешта купляюць, каб завесці дадому.

Беластоцкі “Sljedzik” працуе па вуліцы Кіліньскага з 10 да 18 гадзіны. Знайсці яго проста – ўваход у двары насупраць паркоўкі для аўтобусаў каля палаца Браніцкіх. Як бы што на дарозе стаіць указальнік. Таксама крама мае профіль у фэйсбуку.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.

Фота аўтара