Баевікі занялі Дэбальцава і стварылі „вайсковую камендатуру”



Украінская армія адступіла з Дэбальцава, куды цяпер увайшлі падраздзяленні сепаратыстаў.

«Расейска-тэрарыстычныя войскі цалкам ўзялі пад кантроль населены пункт і вузлавую чыгуначную станцыю Дэбальцава, у цяперашні час ствараюць нейкую „вайсковую камендатуру“ ў горадзе», — паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, каардынатар руху «Інфармацыйны супраціў» Змітро Тымчук.

Паводле яго, украінскія падраздзяленні, якія забяспечваюць выхад дэбальцаўскай групоўкі ўкраінскіх войскаў, цяпер вядуць стрымліваючыя баі, бо баевікі спрабуюць прасоўвацца ў кірунку Арцёмаўска.

Украінскія войскі пачалі пакідаць Дэбальцава яшчэ ўчора — адпаведны загад напярэдадні аддаў прэзідэнт Пятро Парашэнка. Паводле яго, гэта было зроблена, каб захаваць жыццё ўкраінскіх вайскоўцаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота segodnya.ua