Барбара Пякарская: 20 гадоў таму мы стварылі першы беларускі клас у Беластоку



Студыю нашага радыё наведала Барбара Пякарская з аб’яднання ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову на Падляшшы «АБ-БА». Адбылася размова пра гісторыю стварэння беларускага навучання ў Беластоку. Сёлета спаўняецца 20 год з дня заснавання першага беларускага класу ў сталіцы Падляшша.

РР: З нагоды 25-годдзя «Басовішча» быў рэалізаваны праект «25 АБ-БА – аркест» з удзелам дзецей, якія вывучаюць беларускую мову. На сцэне фестывалю яны выканалі славутыя хіты разам з зоркамі беларускай рок-сцэны. Ці пабачым і пачуем сёлета тыя песні? Колькі з тых дзетак, якія ўдзельнічалі ў праекце, яшчэ вучацца ў школах?

Барбара Пякарская: Як раз з гэтых дзетак, якія спявалі ў «25 АБ-БА аркестры» амаль усе яшчэ з намі, працуюць – або ў гуртках тэатральных, або ў музычных праектах, або ў танцавальных. Праект быў рэалізаваны 3 гады таму назад, таму тыя дзеці яшчэ не паспелі моцна вырасці, каб адыйсці задалёка ад нас.

РР: А тое, што яны могуць паказаць на сцэне, будзе можна пабачыць ужо ў панядзелак у Беластоку ва ўніверсітэцкім цэнтры культуры, гэта новыя будынкі, новы ўніверсітэцкі кампус. Пачатак а 17-й гадзіне. А могуць яны шмат чаго паказаць, бо не толькі спяваюць, але і танцуюць, і ўдзельнічаюць у тэатральных пастаноўках. Гэтая імпрэза цыклічная, яна як бы завяршае кожны навульны год у мастацкім, артыстычным плане і паказваем, чым дзеці займаліся на дадатковых занятках на працягу года. І зараз пытанне. Ці кожны год хвалюешся перад такой сустрэчай? Ці кожны год чымсьці здзіўляюць, захапляюць тыя дзеці? Ці можна сказаць, што гэта ўжо такая руціна?

Барбара Пякарская: Па-першае, хвалююся кожны год. Але кожны год крыху інакш. Апошнія два гады, напэўна, крыху менш. Таму што я ўжо не так моцна заангажаваная непасрэдна ў працы. Нядаўна была старшынёй «АБ-БЫ». Тады кожнае такое мерапрыемства – гэта, па-першае, шмат працы, а па-другое, хваляванне, як атрымаецца. Цяпер гэтага хвалявання, напэўна, ляжыць больш на іншых. Кожны год у нас іншы. Мы ад самага пачатку ладзілі такое падвядзенне працы. Напачатку яно было вельмі сціплае, таму што 20 гадоў таму назад нашыя магчымасці былі іншыя. А за гады працы, па-першае, штораз больш было дзяцей, па-другое, у нас было штораз больш думак. Затым паўстала аб’яднанне «АБ-БА», якое дбала, каб было за што гэтыя заняткі ладзіць. І на сённяшні дзень атрымліваецца такая сітуацыя, што мы хвалюемся не толькі з прычыны, як атрымаецца гэта ўсё, але і таму, ці не будзе гэта задоўга. Таму што ў нас столькі ўсяго ёсць паказаць. Галоўным чынам прыходзілі бацькі і знаёмыя. Ім павінна быць цікава, бо сапраўды тое, што дзеці робяць, гэта вельмі цікава.

РР: А сёлета можна сказаць юбілейны год, паколькі навучанне дзетак і моладзі беларускай мовай у Беластоку пачалося ў пасляваеннай Польшчы фактычна 20 гадоў таму. Ці можна нагадаць, у якой гэта было атмасферы?

Барбара Пякарская: Калі цяпер пра гэта думаю, цяжка нават паверыць, што ўсё гэта атрымалася так, як атрымалася. 20 гадоў таму назад два гады ўжо існаваў садок. У свой час маленькая група бацькоў задумала, што створыць у Беластоку садок, у якім між іншым яны будуць вывучаць беларускую мову і культуру. І пасля двух гадоў мы даспелі да такога рашэння, што на садку не павінны спыніцца. Садок як раз заканчвалі дзеці бацькоў, якія моцна працавалі пры заснаванні садка. Мае дзеці, тады яшчэ не заканчвалі. І як раз я разам з Юркам Калінам і Рэнатай Більмін узяліся за справу, у тым сэнсе, што рабіць далей, дзе шукаць школу, якую школу, як мы ўяўляем гэтую школу, як уяўляем далей навучанне дзяцей? І пачалі шукаць. Былі дамоўлены ў адной школе. Сустрэча не адбылася. Пайшлі ў школу №4. І там сустрэліся з адкрытасцю кіраўніцтва. Дырэктар быў здзіўлены прапановай. Але ён нас выслухаў, не адкінуў, не сказаў, што яго абсалютна не цікавіць такое. А сказаў, што яму нават падабаецца ініцыятыва, толькі, паколькі ён зусім не арыентуецца ў гэтай тэматыцы, то сказаў: арганізуйце, бо перш за ўсё няма настаўніка – шукайце. Кажу: у нас ёсць настаўнік. Калі ёсць настаўнік і будуць дзеці – то ніякай праблемы. І гэта атрымалася вельмі лёгка. Паколькі мы мелі пэўнае дасведчанне, працуючы з садком, дзе было страшэнна цяжка. Некалькі месяцаў змагання, і нават цяжка сказаць, з кім, з чым і чаму. І толькі нашая трываласць і маладая сіла дапамагла. Але са школай пайшло вельмі лёгка. Каб адкрыць клас, павінна быць не менш 7 дзяцей. А нам усяго ўдалося сабраць 6 дзяцей. І дырэктар сказаў, паколькі мы ўжо дамовіліся, то давайце паспрабуем. І пайшло. І з таго часу ідзе і ідзе.

РР: Варта яшчэ дадаць, што беларускі клас заклалі бацькі, якія самі нядаўна закончылі школу, а пару гадоў перад гэтым стварылі фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча».

Цалкам гутарка ў гукавым фармаце:

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя