Басовішча-2018. Дзень першы (абноўлена)



У Барыку, што каля Гарадка на Падляшшы, стартаваў фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Сёлета фестывааль праходзіць ужо 29 раз. Конкурс маладых выканаўцаў выйграў гурт СнопСноў, які базуецца ў Менску і складаецца з музыкаў з Бярозы, Менску і Полацку.

У першы дзень фестывалю пасля конкурсу маладых гуртоў выступілі Ilo and friends, Петля Пристрастия, Lao Che, Разбітае сэрца пацана і Нагуаль. У далучаным гукавым файле слухайце матэрыял з першага дня «Басовішча» нашага карэспандэнта Кастуся Багушэвіча:

У другі дзень «Басовішча», на сцэне выступяць СнопСноў як пераможца конкурсу маладых выканаўцаў, а таксама Остров, Телепорт, Крамбамбуля, Нейра Дзюбель і іншыя калектывы.

****

І нарэшце самы хэдлайнеравы сэт – Петля Пристрастия. Рок-гурт, заснаваны ў 2003 годзе ў Менску вакалістам Ільлём Чарапком-Самахвалавым і басістам Цімафеем Савіцкім на абломках іншага гурту – „Полипы”. Альбом „Фобос” (2013) прызнаны найлепшым расейскамоўным дыскам паводле Afisha.ru, альбом „Мода и облака” стаў пераможцам узнагародаў Experty.by у 4-х намінацыях, у тым ліку „Найлепшы альбом году”.

Справа дайшла да хэдлайнераў сённяшняга канцэрту. Першы з іх – гурт Разбітае Сэрца Пацана. Каманда заснавана студэнтамі Універсітэта культуры пры канцы 1990-ых – вакалістам і гітарыстам Дзянісам Тарасенкам (гурт „Склеп”) і клявішнікам Паўлам Гарадніцкім. Пад цяперашняй назвай выступае з 2006 года. Адметнасць творчасці ў тым, што ўсе песні выконваюцца на „трасянцы”.

Наступны сэт – за Ilo&friends. Гурт на чале з Ілонай Карпюк утварыўся ў 2005 годзе ў Беластоку. Выконвае песні па-беларуску. Неаднаразова браў удзел у фестывалях “Бардаўская восень” і “Басовішча”. Мае тры запісаных альбомы “Па дарозе” (2007), “Сланечнікі” (2010) і „Кола” (2016).

Журы конкурса маладых гуртоў аб’явіла сваё рашэнне: лаўрэатам „Басовішча – 2018” названы гурт SnopSnoŭ.

На сцэне „Басовішча” зорка польскай рок-сцэны – гурт Lao Che. Ён бы створаны былымі сябрамі гурта «Koli» ў 1999 годзе ў Плоцку. Дэбютны альбом выйшаў у студзені 2002 года. Гурт зайграе песні з новага альбома „Wiedza o Społeczeństwie”. Як гавораць музыкі, дыск расказвае чалавечыя гісторыі, іхнія слабасці, сумняванні, пачуцці, назіранні ды мары.

Наступны сэт – за камандай НагУаль. Гурт заснаваны ў 2000 у Менску. Самавызначэнне стылю – псіха-фольк і этна-авангард. Выконвае песні на фанемнай мове, створанай лідарам гурта Леанідам Паўлёнкам. У 2015 прадставіў на Tuzin.fm першы беларускамоўны твор „Маладзік удалы”. У дыскаграфіі – альбом „У Земли под юбкой” (2005), адзначаны на „Рок-Каранацыі-2006” у намінацыі „Пазітыўная музыка”. Аўтары шматлікіх саўндтрэкаў да спектакляў, дакументальных і анімацыйных фільмаў.

Асноўны канцэрт першага дня „Басовішча” пачаў гурт Will’N’Ska. Хлопцы з Вільні граюць ска-панк, а ў мінулым годзе пабачыў свет іх першы, польска-літоўскі дыск „A1”.

Наступны ўдзельнік конкурсу – гурт SnopSnoŭ. Гурт быў заснаваны пры канцы 2015 г. у Менску. Творчасць можна аднесці да такіх стыляў, як інды-рок, электронік-рок. Асновый музыкі гурта з’яўляецца сумесь рокавага і электроннага гуку, дзе разам з гітарамі выкарыстоўваюцца сінтэзатары і сэмплеры. У 2016 годзе прэзентаваў дэбютны самотнік «Litaść»(Літасць) і першы паўнафарматны альбом «Tancplac». Трапіў у фінал конкурсу «Заспявай 3.0» у намінацыі «Беларускі кавер».

Свой конкурсны сэт пачаў гурт Eryk i Ja. Свежаспечаны праект ад Эрыка Арлова-Шымкуса і Уладзя Лянкевіча — гэта няспынны музычны пошук на мяжы электронікі і гітарнага гучання, аздоблены паэтычным рэчытатывам. Праект настолькі новы, што яшчэ не мае ў сеціве запісаў і відэа.

Наступны ўдзельнік конкурса  – менскі гурт МЦ2 MorkvoЦвет, заснаваны ў 2013 годзе Яўгенам Белановічам і Паўлам Рыжковым. Спявае на беларускай і расейскай мовах. Браў удзел у канцэртах і фестывалях у Беларусі і Расеі. Першы сінгл – „Дождж” – выдаў увосень 2016.

Пачаўся 29-ты Фестываль музыкі маладой Беларусі «БАСовішча-2018», які пройдзе 20-21 ліпеня ў Гарадку каля Беластоку. Традыцыйна фестываль пачынаецца конкурсам маладых гуртоў. Першым на сцэну „Басовішча” ўзняўся гурт Nürnberg.

Пост-панк гурт Nürnberg заснаваны ў жніўні 2016 году ў Менску. Першы канцэрт даў у жніўні 2017-га году. У студзені 2018 году выдаў дэбютны EP „U nikudy” на берлінскім лэйбле на касетах.

* * *

Пачынаецца адлік гадзінаў да пачатку фестывалю музыкі маладой Беларусі Басовішча – 2018”. Сёлета фестываль пройдзе 29-ты раз. За гады існавання ён істотна змяніўся, але захаваў галоўнае сваю ідэю ды атмасферу сяброўства. Між іншым, пра гэта са сваім госцем размаўляе Яна Запольская.

Даря Вапа адна з сяброў Беларускага аб’яднання студэнтаў, арганізатарка «Басовішча-2018» і сённяшні госць Рацыі.

РР: З якім настроем Вы падышлі ў гэтым годзе да фестывалю?

Даря Вапа: Пазітыўна, і нават з нейкім спакоем. Бо калі параўнаць з папярэднімі гадамі, дзе ўсё рабілі хутка і баяліся не паспець, то сёлета паспелі ўсё зрабіць, нават схадзілі на возера, знаходзілі час спакойна з’есці.

РР: Трошкі досведу набраліся.

Даря Вапа: Так. Ужо некалькі гадоў робім. І старэйшае пакаленне, папярэднія арганізатары «Басовішча», дапамагаюць нам, падказваюць што і як. Таму ўсё спакойна.

РР: Ты асабіста што хацела б пабачыць новага? Зразумела, традыцыі фестывалю захоўваюцца, але кожны год штосьці новае дадаецца.

Даря Вапа: Так. Я чакаю суботу. Гэта праграма, скіраваная на дзяцей, але мне цікава пабачыць яе. У 12 гадзін Яанна Троц з тэатра «Чрэва» будзе чытаць «Казкі па-свойму». Гэта не будуць казкі на беларускай літаратурнай мове, толькі на дыялекце. І мне цікава, як гэта будзе гучаць. Таму ўсіх таксама запрашаю.

РР: І тое, пра што ты сказала, будзе адбывацца ў БАСмежжы. Гэта тэрыторыя па-за сцэнай, адна з адметнасцяў фестывалю апошніх гадоў. Арганізатары прадумалі жыццё ў намётавым мястэчку, каб людзям было чым заняцца па-за сцэнай.

Даря Вапа: Так. Хочам, каб гэта была не толькі музыка. Канцэрты пачынаюцца а 18-й гадзіне, таму зладзілі нешта такое, што людзі маглі б пабачыць раней.

Нагадаю таксама, што ў гэтым годзе будзе тры крамы ў зоне БАСмежжа. Гэта Imbryk.by, «Мой родны кут», а таксама крама «Модная цішотка».

РР: Твой першы ўспамін пра «Басовішча» – гэта што?

Даря Вапа: Не ведаю чаму, але мае першыя асацыяцыі з «Басовішчам» – гэта Памідораў. Я памятаю яго з маленства, і ён мне падаваўся страшным чалавекам. Калі ён ішоў – я хавалася, бо баялася яго. А пасля, як стала валанцёрам, зразумела, што нічога страшнага.

Другая рэч, якая ў мяне асацыюецца з «Басовішчам», – гэта сустрэча з тымі людзьмі, якіх цягам года не бачыла. Гэта канкрэтныя людзі, канкрэтныя гурты, якія проста так не пабачыш, а вось на «Басовішчы» – так.

РР: Сёлета «Басовішча» праходзіць 29-ты раз. Першае «Басовішча» было ў 1990 годзе, і яно было зусім іншым. Вы, хіба што, ужо трэцяе пакаленне арганізатараў фестывалю. Скажы, калі ласка, што захавалася, на тваю думку, на працягу вось гэтых 29 гадоў?

Даря Вапа: Я думаю, што сяброўства паміж арганізатарамі. Гэта адна з важнейшых рэчаў. Калі б не было між намі сяброўства – не выйшла б усё гэтай справы. І, вядома, ідэя, каб паказаць і палякам, і беларусам таксама, што ёсць у Беларусі вартасныя гурты, якія варта паказваць, бо сярод іх ёсць таленты. Таму і праводзіцца конкурс маладых гуртоў. Таксама гэта стварэнне дыялогу, пра які мы заўсёды гаворым, паміж беларусамі і палякамі. Бо ведаю, што ніколі паміж імі няма тут спрэчак, а толькі сапраўднае сяброўства.

РР: Ад сябе дадам, што пэўная атмасфера фестывалю таксама захавалася, хоць ён памяняўся тэхнічна і музычна за гэтыя амаль 30 гадоў.

Даря Вапа: Вядома, прагрэс ёсць. Але атмафера якраз захоўваецца. І пра гэта сведчаць людзі, якія прыязджаюць на кожныя БАСы.

РР: Ты часта бываеш у Беларусі на музычных імпрэзах. Цяпер ёсць тэндэнцыя параўноўваць «Басовішча» з нейкімі іншымі фестывалямі ў Беларусі. Ці ты такое параўнанне праводзіш і ці варта ўвогуле штосьці такое рабіць.

Даря Вапа: Я працытую аднаго артыста, які выступаў на БАСах. Думаю, ён не абразіцца. У роліку да «Басовішча» ён сказаў, што, магчыма, у Беларусі і ёсць больш маштабныя фестывалі, чым «Басовішча», і туды прыязджае больш людзей, але такой атмасферы, як на «Басовішчы», няма. Таму варта прыехаць самому і ўпэўніцца, што так яно і ёсць.

РР: Калі б ты запрасіла кагосьці на «Басовішча», а ў цябе спыталі, што гэта такое, то як бы ты ў двух сказах сказала пра гэты фестываль?

Даря Вапа: Я б сказала, што гэта месца, дзе можна сустрэцца з вельмі цікавымі людзьмі з усходняй мяжы, паслухаць вельмі добрую музыку, вядома, папіць піўка і проста добра пабавіцца ў цудоўнай атмасферы. Гарантую, што такой атмасферы адкрытасці з усіх бакоў я даўно не бачыла.

Фестываль «Басовішча» стратуе сёння а 18-й гадзіне з конкурсу маладых гуртоў.

20 ліпеня стартуе Фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча-2018”. Аднак ужо з панядзелка моладзь з Беларускага аб’яднання студэнтаў рыхтуе фестывальную пляцоўку.

На месцы ў Барыку вядуца ўжо апошнія падрыхтоўчыя працы.

– Як можам пабачыць, тут яшчэ шмат работы, але за суткі паўстане мястэчка.

– Праца, праца, праца… Усе працуюць, ніхто не сядзіць. Мы прыехалі ў панядзелак з раніцы. І ўсе тут і рыхтуюць “Басовішча”.

– Сцэна ўжо робіцца, гастранамічныя пункты ёсць. Ідзе апошняя падрыхтоўка.

Зона “Басмежжа” і палатачнае мястэчка будуць працаваць з самай раніцы. Канцэрты сёлетняга фестывалю “Басовішча” пачынаюцца ў 20.00. На сцэне выступяць між іншым Ilo&Friends, “Разбітае сэрца пацана” ды Lao Che. У18.00 пачынаецца конкурсная частка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Максіма Хлябца і Улі Шубзды