Басовішча ў Гарадку жыве!



Ці будзе мець працяг «Басовішча»? Фестываль музыкі маладой Беларусі ў падляшскім Гарадку сёлета б не адбыўся, нават калі б арганізатары не вырашылі летась спыніць яго гісторыю. Прычына – эпідэмія каронавіруса. Аднак у звыклы для «Басоў» час – у суботу, 18 ліпеня – на пляцоўцы, дзе ладзіўся фэст, збяруцца яго прыхільнікі. Кажа адная з арганізатарак Лідка Пякарская:

– Проста так падумалі, што сустрэнемся вельмі неафіцыйна – вогнішча, гітара. Так, як усё гэта пачыналася. Думаю, гэта быў час, каб завяршыць “Басовішча”. Гэта была добрая думка. А што маладыя зробяць? Бо таксама аддамо, можна сказаць, уладу малодшаму пакаленню. Што яны прыдумаюць, гэта ўжо будзе іхняе рашэнне. Спадзяюся, што будзе нешта цікавае. Але я ўжо за іх не адкажу.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Такім чынам, сустрэча ў Гарадку ў Барыку ля вогнішча прызначаная на 16-00 па мясцовым часе. На 20-45 прызначаны паказ дакументальнага фільму Юркі Каліны пра «Басовішча», які адбудзецца непадалёк – у амфітэатры ў Зарэчанах. Запрашаюцца ўсе ахвочыя.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Можа БАСовішча скончылася, але наша любоў адзін да аднаго і да Гарадка – не!

Таму запрашаем Вас у Барык, 18.07.2020 (субота) правесці супольна дзень. Будзем спяваць, гаварыць, успамінаць ды есці і піць. Давайце зробім гэта супольна!   БАС падрыхтуе каўбаскі, хлеб ды іншыя рэчы на вогнішча. Таксама ваду ды піўка. Але будзем удзячны калі і Вы далучыцеся да супольнага святкавання нашага любімага фестывалю! Калі можаце, калі ласка, падрыхтуйце нейкія закускі ды напіткі 🙂 Вазьміце таксама з сабой спеўнікі, гітары ці іншыя інструменты – будзе весялей!   Запрашаем усіх тых, хто ахвотны правесці з намі гэты час.   Перадайце знаёмым, мабыць мы пра каго забылі, выбачайце!   Сустракаемся 18 ліпеня 2020 (субота) у Барыку ў 16:00 і гуляем да самай ночы!   Вашыя БАСаўцы

[manual_related_posts]