Батумі: Чысты чацвер на пляжы



На ўзбярэжжы грузінскага Батумі адбылася акцыя пад назваю «Чысты чацьвер», падчас якой прыбіралі ад смецця бераг мора. Акцыя была ініцыяваная ўкраінцамі, што прыехалі ў Батумі ад вайны, і беларусамі, што з’ехалі ад рэпрэсій на Радзіме. У акцыі таксама прынялі ўдзел грузіны, расейцы і казахі ды таксама людзі іншых нацыянальнасцяў, што жывуць у Батумі.

Пра свой ўдзел у акцыі кажа актывістка з Кіева Святлана:

-Прыбіраць трэба не толькі як валанцёры. Вельмі важна не кідаць смецце. І прыборка ўзбярэжжа – гэта важны ўнёсак у захаванне нашай флоры і фауны. Бо пластык не раскладаецца.

Па словах украінскай журналісткі Ганны Матвіішынай, такая акцыя вельмі важная для ўкраінцаў, што з´ехалі ад вайны:

-Сёння – Чысты чацвер. Звычайна людзі прыбіраюць сваё жытло. А паколькі мы знаходзімся ў гасцях, то мы вырашылі такім чынам аддзячыць грузінаў і ўзяць удзел у прыборцы набярэжнай, пляжу. Гэта наш маленькі ўнёсак у захаванне прыроды.

За некалькі гадзін акцыі актывісты сабралі больш за 10 мяхоў смецця і прыбралі каля 5 кіламетраў батумскага пляжу.

Беларускае Радыё Рацыя, Батумі