Беларусь і Польшча абмеркавалі перспектывы міжпарламенцкага супрацоўніцтва



Перспектывы міжпарламенцкага ўзаемадзеяння сталі прадметам абмеркавання на сустрэчах намесніка старшыні Савета Рэспублікі Анатоля Ісачанкі ў парламенце Польшчы 28 студзеня, паведамілі  ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

Адбыліся сустрэчы Анатоля Ісачанкі з віцэ-маршалкам Сената Польшчы Габрыэлай Мараўска-Станецкай і віцэ-маршалкам Сейма Польшчы Рышардам Тарлецкім. Разгледжаны магчымасці актывізацыі дыялогу дзвюх краін у розных сферах. Асаблівая ўвага ўдзелена дзейнасці беларуска-польскай міжпарламенцкай групы.

Як паведамлялася, беларуская дэлегацыя на чале з Анатолем Ісачанкам прыбыла ў Польшчу для ўдзелу ў памятных мерапрыемствах да 75-годдзя вызвалення лагера смерці Аўшвіц-Біркенау, якія прайшлі 27 студзеня. Ля манумента вязням лагера смерці ў Асвенціме адбылася цырымонія запальвання свечак. На мерапрыемстве прысутнічалі дэлегацыі з 60 краін і міжнародных арганізацый. У якасці ганаровых гасцей сюды прыехалі амаль 200 былых вязняў Аўшвіц-Біркенау з усяго свету, у тым ліку 13 з Беларусі.

Анатоль Ісачанка прыняў удзел у цырымоніі перадачы капсулы з зямлёй з Асвенціма кіраўніком горада Янушам Хверутам настаяцелю храма-помніка Усіх Святых протаіерэю Фёдару Поўнаму. Капсула будзе размешчана ў крыпце храма ў час міжнароднай акцыі памяці «На славу агульнай Перамогі». Акрамя таго, прайшлі перагаворы беларускай дэлегацыі з адміністрацыяй музея «Аўшвіц-Біркенау» па пытаннях супрацоўніцтва з мемарыяльным комплексам «Трасцянец» і іншымі музейнымі ўстановамі Беларусі.

БелТА