Беларусь накіравала гуманітарную дапамогу Украіне



Беларусь накіравала гуманітарную дапамогу Украіне для ліквідацыі наступстваў паводкі.

Як паведаміла прэс-служба МНС, груз быў сфармаваны ў самыя кароткія тэрміны. Калона ратавальнікаў, якія суправаджаюць груз, выехала ў пацярпелыя раёны раніцай 8 ліпеня на чале з намеснікам міністра Анатолем Далгаляўцом. Плануецца, што беларуская дапамога прыбудзе ў Львоў сёння.

Па просьбе ўкраінскага боку Беларусь накіравала ў пацярпелыя раёны дзве электрастанцыі, мотапомпы, палаткі, рукавы пажарныя напорныя рознага дыяметра агульнай колькасцю больш за паўтары тысячы, камплекты індывідуальныя ахоўныя для ліквідацыі наступстваў паводкі. Агульная маса грузу — 30 тон. У яго фармаванні ўдзельнічалі МНС, канцэрн „Белнафтахім”, унітарнае прадпрыемства „АзотХімФортыс”.

У выніку паводкі, выкліканай дажджамі, што прайшлі 23—25 чэрвеня, пацярпелі пяць абласцей Украіны. Найбольш цяжкая сітуацыя ў Івана-Франкоўскай вобласці. Усяго ў Украіне пацярпелі 165 населеных пунктаў, 3 чалавекі загінулі, цалкам разбураныя 110 кіламетраў дарог, знішчаныя 19 мастоў. У пацярпелых населеных пунктах разбурана частка будынкаў, адсутнічае газазабеспячэнне і перабоі з электрычнасцю.

belapan.by