Беларус спрабаваў увезці ў Польшчу стэроіды



Каля 7 тысяч таблетак і ампулаў з анабалічнымі стэроідамі спрабаваў правезці праз беларуска-польскую мяжу грамадзянін Беларусі.

У памежным пункце пропуску Кузніца мытнікі затрымалі кіроўцу аўтобуса з беларускімі нумарамі, паведаміў прэсавы сакратар Мытнай палаты ў Беластоку Мацей Чарнецкі:

– Супрацоўнікі мытні ў Кузніцы знайшлі пакункі з анабалічнымі стэрыдамі і гармонамі. Рэчывы былі знойдзены падчас агляду аўтобуса, якім кіраваў 51-гадовы беларус. Мужчына схаваў іх у некалькіх месцах: у аптэчках, у бэтэльцы з-пад машыннага алею, і торбе. Прыблізны кошт знойдзеных сродкаў складае 15 тысяч злотых.   

За спробу правезці кантрабандныя стэроіды і гармоны беларусу пагражае адказнасць за парушэнне фармацэўтычнага закона Польшчы, а гэта штраф, абмежаванне ці пазбаўленне волі да 2 гадоў. Згодна з законам праз мяжу для асабістага карыстання можна правозіць толькі 5 упаковак лекаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя