Беларусаў запрашаюць на беластоцкі сельскагаспадарчы рынак



Пакупнікі з Беларусі добра ведаюць рэчавы Кавалерыйскі рынак у Беластоку. Але самі беластачане актыўна робяць пакупкі і на сельскагаспадарчым рынку (Podlaskie Centrum Rolno-Towarowe S.A.), які размешчаны па вуліцы ген. Андэрса. Папулярнасць гэтага месца з гадамі не змяншаецца.

На нашыя пытанні адказвае старшыня Управы Падляшскага сельскагаспадарчага цэнтру Мечыслаў Пугаўка (Mieczysław Pugawko):

Нашае месца мае сваю гісторыю. Таварыства паўстала яшчэ ў 1995 годзе, калі з’явіўся ўрадавы праект стварэння сельскагаспадарчых рынкаў. З таго часу тут працавалі фірмы і прыватныя асобы, якія прадавалі прадукцыю. Пазней гэтае месца змянялася, а на сёння маем справу з месцам, куды сем дзён у тыдзень можна прыехаць і зрабіць пакупкі. 

– Гэта месца, дзе вялікі выбар тавараў: гародніна, садавіна, малочныя і мясныя прадукты, а таксама бытавая хімія і розная дробязь для дома. Ёсць крыху вопраткі. Цяпер акурат сезон на саджанцы.

Сёння ў Падляшскім сельскагаспадарчым цэнтры налічваецца 200 арандатараў. Пераважна гэта невялікія фірмы, індывідуальныя або з некалькіх чалавек.

– Мы вылучаемся ад іншых рынкаў у Беластоку тым, што нашы кліенты прыязджаюць да канкрэтных прадаўцоў, у якіх ужо рабілі пакупкі. То бок людзі прыязджаюць у правераныя месцы, дзе прадукты добрай якасці, па выгадных цэнах і галоўнае, што ёсць вялікі выбар

РР: Калі нехта сам вырасціў бульбу, то можа прыехаць і тут у вас прадаваць?

Так, індывідуальныя вытворцы ў нас таксама прадаюць свае прадукты. Мы на нашай тэрыторыі выкарыстоўваем некалькі формаў продажу: ёсць вялікая крытая зала з боксамі, ёсць гандлёвыя павільёны і таксама адкрытая тэрыторыя з гандлёвымі месцамі.

РР: Калі параўнаць цэны з крамамі, то як гэта выглядае?

Найперш у нас значна большы выбар. Вось вазьміце бульбу: ёсць шмат прадаўцоў, ды яшчэ ў кожнага некалькі гатункаў бульбы. Ёсць і непасрэдна фермеры, якія вырошчваюць гэтую бульбу. Таксама і па цэнах ёсць выбар, але пераважна танней, чым у крамах.

Цяпер Падляшскі сельскагаспадарчы цэнтр мадэрнізуецца. Да канца года плануецца адкрыць яшчэ адну вялікую сучасную гандлёвую залу з доступам да інтэрнэту, відэа-маніторынгам, прыстасаваную да патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі – агулам 3000 квадратных метраў. Таксама павялічыцца колькасць парковачных месцаў.

“Запрашаем усіх па пакупкі, у тым ліку нашых суседзяў з-за мяжы. Калі прыедзеце, паспрабуеце, то ўпэўнены, будзеце сюды ахвотна вяртацца”, – дадае Мечыслаў Пугаўка. 

Цалкам матэрыял:

У выходныя дні плошчы Падляшскага сельскагаспадарчага цэнтру змяняюць выгляд, бо ў суботу назіраецца масавы наплыў пакупнікоў, а ў нядзелю на гэтай тэрыторыі працуе аўтамабільны рынак і продаж шматлікіх іншых рэчаў – шын, мэблі, ровараў і г.д. 

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара