Беларуска ў Кіеве атрымала ліст ад Сяргея Ціханоўскага



Ва Украіне працягваюцца акцыі, падчас якіх беларусы пішуць лісты палітзняволеным суайчыннікам. Такія паведамленні не заўсёды трапляюць да адрасатаў, але выключэнні ўсё ж здараюцца.
Так, калі беларуска Кася, якая жыве цяпер у Кіеве, накіравала ліст Сяргею Ціханоўкаму, на адказ яна нават і не спадзявалася. “Але цяпер я трымаю ў руках ліст ад Сяргея…”, – узрушана зазначае Кася.

„Добры дзень, Кася, дзякуй што не забываеце. Ведаеце, як у Байрана? – „Але той, хто ведаў, за што лёсам б’ецца, хай бой прайграны – духам не здаецца”. Няхай мне хутка дадуць вялікі тэрмін, я ні аб чым не шкадую. Прагулкі ў нас ёсць у маленькім бетонным памяшканні, неба над галавою няма. Пахі далятаюць у асноўным ад шпалернай фабрыкі, некалькі разоў ад шакаладнай. Вядома, украінцы цудоўныя, але вы не забывайце, што беларусаў засталося вельмі мала, і дэмаграфію падымайце ў Беларусі. Так што Ваш ліст дайшоў, спадзяюся, што і мой дойдзе. Веру ў перамены і ў перамену ў Беларусі. Усім беларусам там перадайце прывітанне ад мяне, нам вельмі важная ваша падтрымка”

Дарэчы, ліст Сяргею Ціханоўскаму – далёка не першы, які напісала Кася палітзняволеным. У сваіх паведамленнях дзяўчына распавядае пра свае прыгоды, цікавыя знаёмствы і агульныя навіны. На думку беларускі, дзякуючы такім паведамленням людзі, пазбаўленыя свабоды, адчуваюць сябе больш жывымі.


Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя