Беларускае „Купалле” у Белавежы



Беларускае „Купалле” у Белавежы пачалося парадам музычных калектываў.

Яны прайшлі па вуліцах спяваючы „Купалінку”. Ім спадарожнічалі мясцовыя жыхары і турысты. Асобныя калектывы неслі канструкцыі з кветак, якія сімвалізуюць купальскія вянкі. Такі „вянок” падрыхтаваў калектыў „Чыжавяне” з Чыжоў, у якім спявае Альжбета Тыханюк:

– Вянок традыцыйны – гэта вянок з такіх кветак, якія мы знойдзем на лузе, у збожжы, палявыя кветкі. Вянок плялі дзяўчаты ў гэту ноч, каб знайсці сабе другую палову. Для чыжавян гэта вялікае свята.

Галоўная частка – канцэрт беларускай песні ў выкананні шматлікіх калектываў з Падляшша ды госці з Беларусі, як і штогод, прыцягнула вялікую колькасць людзей. Апоўначы на ваду былі пушчаныя „купальскія вянкі”. Сёлета „Купалле” у Белавежы, галоўным арганізатарам якога выступае Беларускае грамадска-культурнае таварыства, прайшло ў 35 раз.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя