Беларускай дыктоўкай на Падляшшы адзначылі Дзень роднай мовы



Традыцыяй Непублічнай школы імя святых Кірыла і Мяфодзія стала дыктоўка, якую пішуць менавіта 21 лютага. Сёлета свае веды па беларускай мове правяралі не толькі вучні, але і беларускія грамадскія дзеячы і журналісты з Падляшша.

Пасля дыктоўкі як першыя, так і другія былі задаволеныя:

Калабухаў Юрый, Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве:

– Беларускую мову ведаю добра яшчэ з дзяцінства. Мая маці – настаўніца беларускай мовы, таму не хвалююся.

Журналіст Міхась Сцепанюк:

– Усё ж такі вельмі даўно не пісаў дыктоўкі.

Журналіст Зміцер Косцін:

– Насамрэч – гэта была вельмі класная забава для ўсіх. Напэўна элемента спаборніцтва тут не было.

Настаўніца беларускай мовы Ёанна Марко:

– Дыктоўка ўжо ўпісалася ў наш школьны каляндар, таму дзеткі яшчэ з верасня ведаюць, што будуць пісаць беларускую дыктоўку.

Яўген Вапа, старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя:

– Дзень роднай мовы нагадвае, каб мы шанавалі сваю мову кожны дзень. Мова – гэта наша духоўнасць.

Дыктоўка была адным з пунктаў праграмы святкавання Дня роднай мовы ў Беластоку. Апроч таго ўдзельнікаў чакала мастацкая частка, падрыхтаваная вучнямі Непублічнай школы імя святых Кірыла і Мяфодзія і школы ў Нарве. Пра вынікі дыктоўкі даведаемся на наступным тыдні.

 

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара