Беларуская дыяспара зладзіла акцыю ля беларускай амбасады ў Варшаве
Галоўная тэма акцыі – асуджэнне Лукашэнкі за развязванне канфлікту на беларуска-польскай мяжы з выкарыстаннем мігрантаў, кажа ўдзельнік каманды юрыстаў НАУ Арцём Праскаловіч:
„Міграцыйны крызіс, які стаў падставай для нашай тут сустрэчы, сітуацыя, якая ўзнікла вакол яго: калі мы бачым ваганні якіх-небудзь еўрапейскіх палітыкаў пайсці на перамовы з рэжымам, стварыць з ім нейкія дамоўленасці, прымушае нас зноў выйсці, і ў чарговы раз звярнуць увагу, што з Лукашэнкам дамаўляцца няма пра што, і гэта немагчыма. Па-першае ён просты грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які, на жаль, яшчэ на волі. А па-другое, любыя дамоўленасці з гэтым чалавекам кончацца тым, што яны будуць не выконвацца а ён будзе проста смяюцца ў твар сваім апанентам”.
Было шмат выступаючых. Людзі патрабавалі ад Еўропы не толькі заклапочанасці, але і рашучых дзеянняў, каб спыніць цяпер ужо не толькі беларускае зло, якое цяпер стала і еўрапейскім. Паступіла прапанова супрацоўнікам амбасады перайсці на бок народа, пакуль не позна. Удзельнікі акцыі трымалі шмат плакатаў па тэме, партрэтаў палітвязняў, забітых рэжымам і бел-чырвона-белых сцягоў.
Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя
