Беларускі клуб у Батумі: сустрэча з гісторыкамі



У беларускім клубе ў Батумі прайшла прэзентацыя кнігі „Іван Краскоўскі – на службе Беларусі ды Украіны!”. Прэзентаваць кнігу прыехалі суаўтары кнігі Дарота Міхалюк ды Томаш Блашчак.

Томаш Блашчак лічыць, што гэта кніга будзе цікава кожнаму беларусу:

Калі кажам пра Грузію і Батумі, то яны цікавыя тым, што ён тут працаваў. Ён быў дыпламатычным прадстаўніком Украіны ў Грузіі. Ён працаваў у Тбілісі, ён бываў і ў Батумі. Гэта даволі важны перыяд ягонага жыцця. З другога боку Краскоўскі – гэта вымушаны вандроўнік. Як зараз беларусы вандруюць па цэлым свеце, шукаюць свайго месца, ён таксама быў вымушаны шукаць сваё месца.

Прадстаўнік электроннай бібліятэкі kamunikat.org Яраслаў Іванюк лічыць, што беларусы ў Батумі павінны цікавіцца лёсам сваіх суайчыннікаў, якія некалі апынуліся ў Грузіі:

Заняліся даследаваннямі, гістарычнымі, грамадскімі, сацыяльнымі даследаваннямі. Пабыўку беларусаў у Аджарыі ў Грузіі раней, у ранейшыя дзесяцігоддзі і стагоддзі. Той жа прыклад Краскоўскага – нарадзінца Падляшша, нарадзінца Дубічаў Царкоўных, які меў дачыненне да Беларускай Народнай Рэспублікі. Думаю было б добра, каб беларуская дыяспара будучы тут займалася даследаваннем хто яшчэ з беларусаў быў у Аджарыі, у Грузіі.

У беларускую бібліятэку ў Батумі таксама перадалі кнігі з аўтографамі аўтараў, а на саму сустрэчу завіталі каля двух дзясяткаў беларусаў, што былі вымушаны пакінуць Радзіму.

Беларускае Радыё Рацыя