Беларускі сцяг на акцыі пратэсту ў Гайнаўцы
Бел-чырвона-белы сцяг свабоднай Беларусі лунаў падчас пратэсту супраць маршу нацыяналістаў у Гайнаўцы.


Сцяг трымаў ураджэнец Уроцлава, нашчадак падляшскіх беларусаў, які разам з „Obywatele RP” спрабаваў заблакаваць дарогу ўдзельнікам маршу:
– Я беларус і абсалютна не згодны з тым, каб па горадзе маршыравалі людзі, якія ўслаўляюць забойцу 79 беларусаў. Хацеў бы ўбачыць гэтых людзей, якія ўслаўляюць „Бурага” і хацеў бы выказаць пратэст з бел-чырвона-белым сцягам. Яны не маюць права ўхваляць забойцаў, я не магу быць абыякавым. Калі хтосьці будзе дазваляць на такі нацыяналізм, то ён разрасцецца да такіх памераў, што зноў можа дайсці да пагромаў, як гэта было перад вайной.
Блакада, у якой удзельнічала каля дзясятка чалавек, была хутка ліквідаваная паліцыяй, што ахоўвала марш нацыяналістаў. Ва ўсіх удзельнікаў блакады перапісалі асабістыя дадзеныя, а пазней будуць выклікаць у суд. Марш нацыяналістаў у гэтым годзе налічваў некалькі дзясяткаў чалавек, якія прайшлі з традыцыйным лозунгам „Буры наш герой”.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
