Беларускія дэпутаты з візітам у Беластоку (абноўлена)



Ускладаннем вянкоў ля помніка праваслаўных жыхароў Беласточчыны, загінуўшых і зніклых без вестак ў гадах 1939 – 1956, ды сустрэчай з праваслаўным епіскапам Беластоцка-Гданскай епархіі Якавам закончыўся візіт дэлегацыі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь у Польшчу. Цягам трох дзён сябры парламенцкай рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з Польшчай якую ачольвае старшыня пастаяннай камісіі па правах чалавека і СМІ Андрэй Навумовіч правялі шэраг сустрэч у Бельску Падляшскім , Саколцы, Супраслі і ў Беластоку.

На урачыстасці ўскладання кветак прысутнічалі таксама архіепіскап Беластоцка-Гданскі Якаў, настаяцель царквы Святога Духа айцец Юры Борэчко:

— Гэта першы раз, калі прыязджае дэлегацыя ў такім складзе, і з нашага Сейма, і з Парламента Беларусі. Таму гэта вельмі важная дэлегацыя, якая складае вянок ля помніка мучанікаў Холмскіх і Падляшскіх.

Ад імя беларусаў Падляшша кветкі складаў намеснік старшыні БГКТ Васіль Сегень:

— Мучанікам Беластоцкай зямлі, якія загінулі ў час вайны і адразу пасля яе за сваю веру і нацыянальнасць. Надпіс на гэтым вянку адносіцца да іх трагічнай смерці. Там напісана: «Мучанікам за веру і нацыянальнасць». За тое, за што яны аддалі сваё жыццё.

У Бельску Падляшскім дэпутаты з Беларусі таксама ўсклалі кветкі да помніка вазакам, закатаваным аддзелам польскага ўзброенага падлполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса псеўданім Буры.

На сустрэчу з дэпутатамі беларускага парламента, якая прайшла 19 верасня ў сядзібе Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку, былі запрошаны толькі сябры БГКТ і Фонду Астрожскага – выдавец „Пшэглёнда праваслаўнага”. Чаму толькі яны, мы паспрабавалі даведацца ў генеральнага консула РБ у Беластоку, арганізатара сустрэчы Алы Фёдаравай:

– Мы не запрашалі на сустрэчу прадстаўнікоў іншых беларускіх арганізацый, якія тут працуюць. Будзе яшчэ адзін візіт, на які мы абавязкова запросім усіх, адбудзецца сустрэча з прадстаўнікамі беларускай меншасці.

РР: А чаму цяпер больш ніхто не быў запрошаны?

– Была праграма, якая ўжо была складзена.

РР: А хто складаў праграму?

– Польскі бок – Сейм.

РР: Польскі бок рэкамендаваў каго запрасіць?

– Не, не рэкамендаваў.

Хто запрашаў?

– Я не магу адказаць, бо на гэта было мала часу.

Як паведаміла Ала Фёдарава, напрыканцы кастрычніка ў Беласток прыедзе Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, тады і мае адбыцца сустрэча з прадстаўнікамі арганізацый, якія прадстаўляюць беларускую меншасць у Польшчы.

Поўны матэрыял з ускладання вянкоў у Беластоку слухайце ў далучаным гукавым файле:

****

Недастатковае фінансаванне з боку Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы культурных мерапрыемстваў беларускай меншасці ў Польшчы ды рост нацыяналістычных настрояў – гэтыя пытанні найбольш непакояць прадстаўнікоў Беларускага грамадска-культурнага таварыства.

 

Пра гэта гаварылі падчас сустрэчы з дэпутатамі Нацыянальнага сходу РБ, сябрамі парламенцкай групы па супрацоўніцтве з парламентам Польшчы. Закраналася і адукацыя.

Кажа намеснік старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень:

– Каб было двухбаковае пагадненне пра прызнанне дыпломаў вышэйшай адукацыі і каб тут ужо на самым высокім узроўні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча давялі да таго, каб такі закон з’явіўся. Каб не трэба было гэтай складанай настрыфікацыйнай працэдуры, якую кожная навучальная ўстанова зараз у Польшчы вызначае па-свойму. Гэта вялікая праблема, і таму нашыя выпускнікі ў Беларусь не выязджаюць.    

Старшыня групы Андрэй Навумовіч адзначыў, што некаторыя праблемы ўжо вырашаюцца:

– Канешне такія візіты патрэбныя, яны ўносяць дастаткова вялікі пазітыў у адносіны, у наша ўзаемаразуменне паміж польскімі дэпутатамі і беларускімі дэпутатамі. Напэўна тут не трэба сёння казаць пра мэтазгоднасць гэтага візіта, а трэба казаць пра тую карысць, якую мы можам атрымаць ад гэтага візіта.

На сустрэчы ў Беларускім грамадска-культурным таварыстве з боку Рэспублікі Беларусь, апрача старшыні Андрэя Навумовіча, прысутнічалі таксама: рэктар Гарадзенскага медычнага ўніверсітэта сенатар Віктар Аляксандравіч Сняжыцкі, дэпутат Нацыянальнага сходу, старшыня камісіі па заканадаўству Іван Маркевіч, саветнік пасольства Рэспублікі Беларусь Юры Калабухаў, ды Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку  Ала Фёдарава.

Поўны матэрыял з сустрэчы слухайце ў далучаным гукавым файле:

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя