Беларускія Дзяды ў Беластоку
Памяць беларускіх дзеячаў ушанавалі прадстаўнікі беларускай дыяспары Беластоку.

На праваслаўных могілках Усіх Святых прайшлі своеасаблівыя Дзяды ў выглядзе экскурсіі па пахаваннях выбітных суайчыннікаў.



Даследчык беларускай гісторыі Беластока Аляксей Трубкін правёў удзельнікаў мерапрыемства па пахаваннях, і каля кожнага распавёў коратка пра асобаў ды іх лёсы.



Сярод тых, хто знайшоў тут свой апошні спачын – адзін са стваральнікаў Таварыства беларускай школы на Беласточчыне ў міжваенны час, паэт Васіль Юравец. Кажа Аляксей Трубкін:
– Нягледзячы на тыя сціплыя варункі, на тую галыцьбу ў якой жылі беларусы на той час, калі не было нічога, людзі мелі час і сілы на тое, каб займацца яшчэ і беларускай справай, якая, як і цяпер, не несла нічога акрамя штрафаў, пасадак і турэмных тэрмінаў.
На пахаваннях беларускіх дзеячаў на праваслаўных могілках Усіх Святых у Беластоку ўдзельнікі экскурсіі пакінулі знічы, кветкі і бел-чырвона-белыя стужкі.



Сярод іншых, гэта пахаванні беларускага пісьменніка і лекара Юркі Геніюша, пісьменніка, журналіста і краязнаўцы Мікалая Гайдука,педагога Мікалая Чарнецкага ды іншых асобаў.



Беларускае Радыё Рацыя
