У Міхалове прайшлі “Беларускія фольк-сустрэчы”



У амфітэатры ў Міхалове прайшло адно з самых вялікіх мерапрыемстваў у культурным календары гміны – “Беларускія фольк-сустрэчы”. Галоўнай яго мэтай ёсць прэзентацыя і падтрымка мясцовай беларускай культуры ды беларусаў. Публіка пачула беларускую музыку як у выкананні калектываў з Падляшша, так і зорак эстрады Беларусі – “Гуды” і “Свята”. У якасці выступоўца і вядучага мерапрыемства выступіў кіраўнік арт-гурта “Багач” з Менска Віктар Варонін:

– Вельмі радуе тое, што нас запрасілі ў Міхалова на “Беларускія фольк-сустрэчы”. Ёсць супраца. Тыя калектывы, якія выступаюць на гэтай пляцоўцы, таксама прыязджалі да нас у Менск, яны выступалі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. І мы з імі на адной сцэне. Вось такая супрацы: яны прыязджаюць да нас, а мы сюды, у Міхалова.

У “Беларускіх фольк-сустрэчах” у Міхалове можна было пачуць аж 25 калектываў – у тым ліку з Літвы і Латвіі. Прайшоў конкурс на самую цікавую цішотку з беларускім узорам, якую ахвотныя выконвалі самастойна, ды верш пра фэст на беларускай мове.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара