Беларускія ліцэі – сярод найлепшых школаў на Падляшшы



Два беларускія ліцэі з Бельска Падляшскага і Гайнаўкі – сярод найлепшых школаў на Падляшшы. Маршалкоўская ўправа ўзнагародзіла каля сарака ліцэяў, тэхнікумаў, гімназій і пачатковых школ з усяго ваяводства. Белліцэі з Гайнаўкі і Бельска аказаліся ў другой дзясятцы рэйтынгу.

Паводле дырэктара бельскага ліцэя Андрэя Сцепанюка, вылучэнне адбылося, дзякуючы вучням, якія штогод перамагаюць у прадметных конкурсах і атрымліваюць стыпендыі – і не толькі маршалкоўскія.

– Кожны год складаем спіс кандыдатаў сярод сваіх вучняў да стыпендыяў, напрыклад, міністра адукацыі. І вельмі часта іх атрымліваем. Так што гэта сведчыць пра тое, што вучацца ў нас такія вучні, на якіх трэба звяртаць увагу, трэба ім дапамагаць, а нам цешыцца з таго, што знаходзімся сярод такіх найлепшых.

Пераможцам рэйтынгу найлепшых школ Падляшша аказаўся першы Агульнаадукацыйны ліцэй з Беластоку. Улады ваяводства бралі пад увагу прэстыжны рэйтынг польскага тыднёвіка “Перспектывы” і колькасць маршалкоўскіх стыпендый, якія атрымалі вучні з той ці іншай школы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя