Беларусы Беластока падпісалі супольную петыцыю



Прадстаўнікі беларускіх арганізацый Беластока, якія прадстаўляюць беларускую супольнасць меншасці і дыяспары ў Польшчы, падпісалі супольную петыцыю да ўладаў у сувязі са спробай уладаў горада аб’яднаць беларускае прадшколле №14 са школай №4 імя Сібіракоў.

Нягледзячы на тое, што папярэднюю петыцыю падпісала больш за 700 асобаў, а беларускія арганізацыі выказалі сваё негатыўнае стаўленне падчас сустрэчы з кіраўніцтвам горада, прэзідэнт Беластока працягвае працэс аб’яднання двух навучальных устаноў у адзін комплекс.

Да Прэзідэнта
горада Беласток
ul. Słonimska 1
15-950 Białystok

Петыцыя ў справе неаб’яднання
Самаўрадавага Прадшколля (Муніцыпальнага дзіцячага садка) № 14 у Беластоку
і Пачатковай Школы № 4
у Школьна-Дашкольны Комплекс № 7 у Беластоку

Дзейнічаючы на падставе арт. 2 Закону ад 11 ліпеня 2014 г. “Аб петыцыях” падаём петыцыю ў публічным інтарэсе, патрабуючы спыніць аб’яднанне Самаўрадавага Прадшколля (Муніцыпальнага Дзіцячага Садка) №14 у Беластоку і Пачатковай Школы № 4 імя Сібіракоў у Беластоку ў адзін Школьна-Дашкольны Комплекс № 7.

Мы – ніжэйпадпісаныя, прадстаўнікі арганізацыяў, якія прадстаўляюць беларускую супольнасць у Рэспубліцы Польшча, выступаем за развіццё навучання беларускай мовы ў Беластоку. На пачатку студзеня 2022 г. мы былі здзіўлены спробай уладаў горада Беласток хутка аб’яднаць вышэйзгаданыя прадшколле і пачатковую Школу. Тэма магчымага злучэння вышэйзгаданых устаноў у адзін комплекс абмяркоўвалася ў нашым асяроддзі. Прааналізаваўшы разнастайныя аргументы, мы лічым, што такое злучэнне можа прывесці да хутчэй негатыўных, чым станоўчых наступстваў.

Таму мы цяпер не хочам, каб Самаўрадавае Прадшколле №14 у Беластоку і Пачатковую Школу №4 у Беластоку аб’ядналі ў адзін комплекс.

Нягледзячы на ​​ранейшую петыцыю, якую падпісалі больш за 700 чалавек, і выразна выяўленую пазіцыю беларускіх арганізацый на сустрэчы з уладамі Беластока 26 студзеня 2022 г., прэзідэнт горада Беласток – насуперак галасам грамадскасці – усё яшчэ імкнецца да аб’яднання дзвюх устаноў, што з’яўляецца няправільным рашэннем і можа нанесці шкоду далейшаму развіццю адукацыі на беларускай мове ў Беластоку, а, нават, у канчатковым выніку прывесці да ліквідацыі адной з гэтых дзвюх устаноў. У той жа час мы выказваем сваё пратэст супраць з’яўлення фэйкавых навін аб нібыта заключанай дамове паміж горадам Беласток і беларускімі арганізацыямі аб аб’яднанні вышэйзгаданых устаноў у адзін комплекс. Такая дамова не была заключаная і, больш за тое, ніякіх перамоў і дамоўленасцяў нават не было.

Мы выступаем супраць аб’яднання Самаўрадавага Прадшколля № 14 у Беластоку і Пачатковай Школы № 4 імя Сібаракоў у Беластоку ў адзін школьна-дакольны комплекс таму, што:

1) Улады горада не прадставілі ніводнага аргументу, які б пераконваў у патрэбе аб’яднання гэтых устаноў. Прычынай аб’яднання называюцца эканамічныя, але пакуль гарадскія ўлады, нягледзячы на просьбы, публічна не прадставілі канкрэтных разлікаў адносна ашчаднасці, якія яно магло б прынесці. Агульныя фразы пра чаканыя, але невядома якія ашчаднасці, не пераконваюць. Іншае пытанне, што ніводная мясцовая ўлада не павінна шукаць ашчаднасцяў у сферы адукацыі. Мы лічым, што ў першую чаргу трэба мець на ўвазе інтарэсы дзяцей.

2) Школа не атрымае ніякай карысці ад аб’яднання з прадшколлем, а прадстаўленая карысць для прадшколля – ілюзорная. 11 студзеня 2022 г. Аб’яднанне АБ-БА накіравала ўладам Беластока ліст, які выказваў занепакоенасць планамі стварэння Школьна-Дашкольнага Комплексу № 7. У адказе Намеснік Прэзідэнта горада Беласток Рафал Рудніцкі звярнуў увагу на нібы карысці, якія вучням прадшколля дасць стварэнне комплексу. Паводле яго гэта між іншага „магчымасць карыстацца школьнай базай і дасведчанымі кадрамі спецыялістаў, якія там працуюць, магчымасць карыстацца багатымі бібліятэчнымі фондамі, спартовай інфраструктурай, магчымасць супрацы з настаўнікамі школы(…)”. Карысць для супольнасці прадшколля паводле нас – ілюзорная і на практыцы не ажыццявіцца. Варта таксама звярнуць увагу, што вучням і бацькам Пачатковай Школы № 4 не прадставілі ніякай карысці ад аб’яднання. Пра іх улада, здаецца, увогуле забылася, не інфармуючы і кансультуючы з імі сваіх планаў.

3) Школа не валодае дастатковай інфраструктурай, якой маглі б карыстацца дзеці з прадшколля. Спасылаючыся на меркаваныя перавагі, названыя Намеснікам Прэзідэнта, трэба сказаць, што ўжо ў цяперашнім выглядзе школа не ў стане забяспечыць дастатковай спартыўнай інфраструктурай сваіх вучняў, якія займаюцца на ўроках фізкультуры ў калідорах або па-за школай, не кажучы ўжо пра дашкольнікаў. Таксама цяжка ўявіць, каб дашкольнікі карысталіся школьнай бібліятэкай, не прыстасаванай да іх патрэб і магчымасцяў чытання. Больш за тое, магчымасць правядзення сумесных мерапрыемстваў, праектаў і праграм прадшколлем і школай, пра якія згадвае горад, не патрабуе іх аб’яднання ў адзін комплекс — гэтыя сумесныя мерапрыемствы можна праводзіць пры захаванні незалежнасці абедзвюх устаноў.

4) Ранейшыя дзеянні ўладаў горада пярэчаць дэклараваным імі жаданням развіцця Самаўрадавага Прадшколля №14 і Пачатковай Школы №4. На працягу многіх гадоў горад Беласток – як кіруючы орган школы – не заўважыў праблемы са спартовай залай школы. Аналагічным чынам, непакоіць той факт, што ўлады адмовіліся ад пашырэння Самаўрадавага Прадшколля № 14, якое, згодна з прынятымі гарадской радай пастановамі і дакументамі, павінна было пачацца ў 2018 годзе, і дагэтуль не наступіла. На нашу думку, стварэнне комплексу школы і прадшколля ні ў якім разе не дапаможа ні Самаўрадаваму Прадшколлю № 14, ні пачатковай школе № 4, якія аднолькава патрабуюць неадкладных фінансавых укладанняў, а не аб’яднання ў адзін вялізны комплекс з амаль 600 дзецьмі.

5) Стварэнне з прадшколля і школы аднаго комплексу адкрые дарогу да пераводу ўладамі горада ўсяго прадшколля ў будынак школы. У будынку школы ўжо знаходзіцца філіял прадшколля. У той жа час улады Беластока ўвялі абмежаванне прыёму ў пачатковую школу № 4 да двух класаў у год, што адміністрацыйна пастаянна скарачае колькасць вучняў у школе. Планаваная сядзіба комплексу размесціцца ў будынку школы, і горад не гарантуе, што месцазнаходжанне прадшколля не будзе змененае. Мы баімся, што перанос прадшколля ў будынак школы можа аблегчыць продаж прылеглых да будынку прадшколля дамоў, якія, нягледзячы на арганізаваныя тэндары, пакуль не знайшлі пакупнікоў.

6) Будзе парушанае пачуццё бяспекі бацькоў дзяцей, а таксама і саміх дзяцей у прадшколлі. Стварэнне комплексу дасць магчымасць дырэктару калектыву бесперашкодна пераводзіць супрацоўнікаў паміж падраздзяленнямі, нават для часовых замен праз адсутнасць супрацоўнікаў школы. Лічым, што перавод работнікаў прадшколля ў школу негатыўна адаб’ецца на эфектыўнасці догляду за дзецьмі і пачуцці бяспекі, асабліва ў самых маленькіх дашкольнікаў і іх бацькоў. Такі падыход да функцыянавання ўстановы ў задуманым выглядзе не прымаецца грамадскасцю.

7) Стварэнне комплексу можа прывесці да ліквідацыі прадшколля ў яго цяперашняй форме, у тым ліку правядзенне заняткаў на беларускай мове. Самаўрадавае Прадшколле №14 у Беластоку з’яўляецца адзінай установай такога тыпу ў Беластоку з польскай і беларускай мовамі навучання. Гэта дзіцячы сад, які створаны і развіваецца дзякуючы заангажаванню бацькоў і супрацоўнікаў. СП № 14 карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод бацькоў з беларускай нацыянальнай меншасці, беларускай дыяспары (сучасная беларуская іміграцыя, якая жыве ў Беластоку), а таксама сярод людзей польскай нацыянальнасці. Пасля аб’яднання гэтага прадшколля са школай, не кожны бацька захоча аддаваць дзяцей у прадшколле, якое будзе знаходзіцца ў будынку школы і наадварот, што можа прывесці да адтоку дзяцей. У складзе створанага комплексу будзе ліквідавана існая аўтаномія прадшколля, якая дазваляе вучыць дзяцей па-беларуску. Улады Беластока не бачаць розніцы паміж навучальнай установай з беларускай мовай навучання (дзе шэраг заняткаў вядзецца на беларускай мове) і ўстановай з дадатковай мовай навучання (дзе навучанне вядзецца на польскай мове, а беларускай мова – гэта толькі дадатковы прадмет). Ёсць рэальная рызыка таго, што садок страціць свой цяперашні характар, гэта значыць магчымасць весці заняткі ў групах на беларускай мове, якая можа стаць толькі дадатковай мовай, як цяпер у школе. Няма ніякіх гарантый, што статус беларускай мовы ў прадшколлі пасля аб’яднання са школай не зменіцца. Статут запланаванага комплексу ў будучыні можа быць свабодна зменены, а выкладчыкі беларускай мовы, якія будуць у комплексе ў відавочнай меншасці, не будуць мець ніякага ўплыву на гэтыя змены. Таму мы разглядаем чарговую спробу ўключэння дзіцячага садка ў школьна-дашкольны комплекс, як пагрозу для далейшага існавання садка ў яго сучасным выглядзе.

8) Прапанаваныя горадам прынцыпы навучання беларускай мовы ў комплексе абмяжоўваюць кола асобаў, якія маглі б карыстацца гэтым навучаннем (прадугледжваецца магчымасць навучання беларускай мовы толькі для нацыянальнай меншасці, без уключэння іншых грамадзянаў Рэспублікі Польшча, а таксама беларускай дыяспары). У згаданым вышэй лісце Намеснік Прэзідэнта на пытанне Аб’яднання АБ-БА пра магчымасць арганізацыі горадам вывучэння беларускай мовы ў школе для дзяцей з дыяспары сцвярджае, што „для вучняў, якія не з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы, якія падлягаюць абавязковаму школьнаму навучанню, вывучэнне мовы і культуры краіны паходжання можа быць арганізавана дыпламатычнай або консульскай установай краіны іх паходжання, якая дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Польшча”. Намёк на тое, каб бацькі, значная частка якіх уцякла з Беларусі ад рэпрэсій, мелі б цяпер накіравацца ў беларускае консульства з просьбай арганізаваць заняткі беларускай мовы мы лічым скандальным і такім, які чарговы раз паказвае неразуменне спецыфікі вывучэння беларускай мовы ў Беластоку, а таксама сітуацыю рэпрэсаваных беларускім рэжымам асобаў. Некаторыя з іх атрымалі міжнародную ахову, што не дазваляе ім карыстацца дапамогай дыпламатычных прадстаўніцтваў краіны іх паходжання. Такім чынам, стаўленне Намесніка Прэзідэнта Беластока засланяе ранейшую дзейнасць беластоцкіх уладаў, скіраваную на дапамогу рэпрэсаваным з Беларусі. Гэтыя людзі жывуць у Рэспубліцы Польшча, плацяць тут падаткі і ствараюць мясцовую супольнасць, якая мае права разлічваць на ўключэнне яе ва ўжо існую сістэму адукацыі. Бо гэтая сістэма не забараняе ўдзелу такіх людзей у занятках па беларускай мове, якія праводзяць публічныя навучальныя ўстановы.

9) Няма гарантый, што дзіця зможа аўтаматычна паступіць у школу ў тым самым комплексе пасля заканчэння дзіцячага садка. У апошнія гады ўзнікаюць праблемы з наборам у Школу дзяцей, якія заявілі аб жаданні вывучаць беларускую мову, якія з-за памылак у сістэме залічэння не паступілі ў Школу ў першым наборы. У горадзе сцвярджаюць, што стварэнне комплексу вырашыць гэтую праблему, але гэты аргумент не падмацаваны ніякімі фармальнымі ўрэгуляваннямі.

10) Прасоўванне ідэі стварэння комплексу на прапанаваных горадам прынцыпах можа прывесці да непатрэбнай напружанасці, пратэстаў і сапсаваць атмасферу ў школе. Праект стварэння комплексу, у афіцыйнай назве якога будзе інфармацыя пра вывучэнне беларускай мовы, не кансультаваўся з бацькамі дзяцей, якія навучаюцца ў школе і цяпер не вывучаюць гэтую мову. Мы не хочам ствараць у сувязі з гэтым ніякіх канфліктаў. Стварэнне такой школы з беларускай мовай павінна адбывацца іншым спосабам, чым прапанаваны горадам.

Улічваючы вышэйсказанае, рашуча падкрэсліваем, што ў цяперашні час няма ніякіх лагічных і рацыянальных прычын для аб’яднання дзвюх устаноў.

Мерай дэмакратыі з’яўляецца тое, як большасць клапоціцца пра правы меншасцяў. На жаль, дзеянні гарадскіх уладаў сведчаць, што голас беларускай часткі грамадства Беластока цалкам ігнаруецца.

Таму, маючы на ​​ўвазе дабрабыт нашых дзяцей і клопат пра будучыню выкладання беларускай мовы ў Беластоку, мы хацелі б папрасіць Прэзідэнта Беластока адмовіцца ад гэтай ідэі і прасоўвання праекту аб’яднання Самаўрадавага Прадшколля №14 і Пачатковай Школы № 4 у адзін школьна-дашкольны комплекс.

Далейшыя дзеянні накіраваны на аб’яднанне вышэйзгаданых устаноў перакрэсляць шматгадовыя намаганні і працу бацькоў, настаўнікаў, арганізацый беларускай нацыянальнай меншасці ў Рэспубліцы Польшча, а таксама ранейшыя намаганні гарадскіх уладаў па развіцці выкладання беларускай мовы ў Беластоку.

Петыцыю падпісалі прадстаўнікі наступных беларускіх арганізацый Польшчы:

Аб’яднанне на карысць дзяцей, якія вучацца беларускай мове АБ-БА (Уршуля Іванюк, Юлія Косціна), Беларускае гістарычнае таварыства (Алег Латышонак), Беларускае задзіночанне студэнтаў (Анна Рута Карнілюк), Цэнтр грамадзянскай адукацыі Польшча – Беларусь (Марцін Рэмбач), Фонд „Беларусь 2020” (Марына Ляшчэўская), Фонд „Каmunikat.org” (Яраслаў Іванюк, Лукаш Стэпанюк), Фонд „Tutaka” (Павел Станкевіч), Праграмная рада тыднёвіка „Ніва” (Яўген Вапа), Таварыства беларускіх журналістаў (Томаш Суліма), Саюз беларусаў Польшчы (Яўген Вапа).

Больш пра гэтую справу можна прачытаць на адмыслова створанай старонцы https://www.bjalystok.pl/

 #BЯŁYSTOK | #Bjalystok

Юліта, Міколка і Міхал Сцепанюкі

Варта дасылаць свае фотаздымкі з гэтым хаштэгам.

Асобай, адказнай за кантакты з медыямі, ёсць Ілона Карпюк:

– mail: [email protected]
– tel. 507 08 08 07

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]