Беларусы Кіева ўшанавалі землякоў, якія загінулі на Еўрамайдане



Ва Украіне прайшла традыцыйная акцыя беларусаў. Гэтым разам яна была прысвечаная героям, што паклалі свае жыцці на Еўрамайдане.

Удзельнікі мерапрыемства прайшліся да Алеі Герояў Нябеснай Сотні і ўсклалі кветкі да партрэтаў Міхася Жызнеўскага і Якава Зайко – землякоў, якія змагаліся за свабоду Украіны.

Чаму акцыю вырашылі прысвяціць менавіта гэтай тэме, патлумачыла кіраўнік “Беларускага Дому ва Украіне” Бажэна Жолудзь:

– У тых падзеях удзельнічалі беларусы, якія загінулі. Нам хочацца памятаць пра іх. Яны паклалі свае жыцці дзеля таго, каб і ўкраінцы былі вольныя, і дзеля таго, каб мы сёння маглі знаходзіцца ва Украіне, мець тут прытулак. Яны паклалі свае жыцці, і мы павінны памятаць пра іх. Мы павінны дзеля іх змагацца, дзеля іх сем’яў, якія згубілі бацькоў, мужоў, сыноў. У нас нават не было іншага варыянту чаму прысвяціць гэтую акцыю.

Па завяршэнні акцыі ўдзельнікі накіраваліся на лекцыю „Асновы паводзін грамадзянскіх асоб у зоне баявых дзеянняў”. Як мяркуецца, атрыманыя парады дапамогуць выжыць падчас вайны, калі яна ва Украіне ўсё ж адбудзецца.

Дарэчы, лекцыю цяпер можна знайсці ў інстаграме “Беларускага дому ва Украіне”.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]