Беларусы ў Грузіі патрабуюць скасаваць дамову са спэцслужбамі Лукашэнкі
Беларусы, якія жывуць у Грузіі, заклікаюць улады гэтай краіны скасаваць дамову з беларускімі спэцслужбамі. Гаворка ідзе аб пагадненні паміж КДБ Беларусі і Службай дзяржбяспекі Грузіі, якая ўступіла ў сілу ў гэтым месяцы. Дамова рэглямэнтуе супрацоўніцтва бакоў у барацьбе з шэрагам злачынстваў і прадугледжвае абмен інфармацыяй і пэрсанальнымі дадзенымі. У беларускай дыяспары лічаць, што дакумэнт можа пагражаць бяспецы людзей, якія пераехалі ў Грузію з Беларусі праз пераслед па палітычных матывах.
Афіцыйных дадзеных, колькі грамадзян Беларусі эмігравалі ў Грузію, няма. Але, паводле ацэнак саміх прадстаўнікоў дыяспары, лічба можа ісці на дзясяткі, а то і на сотні чалавек. Большасць беларусаў у Грузіі ўстрымліваюцца ад размовы з журналістамі й пазбягаюць масавых акцый. Частка актывістаў, якія зехалі падкрэсліваюць, што Грузія, у адрозьненне ад сваіх бліжэйшых партнэраў, краін ЭЗ, Украіны, ЗША, займае больш ляяльную пазыцыю ў дачыненні да Беларусі. Цяперашнія ўлады Грузіі таксама ўстрымліваюцца ад крытыкі ў бок Менска і не падтрымліваюць санкцыі супраць беларускіх уладаў.
Беларускае Радыё Рацыя
