Беларусы Варшавы адзначылі ўгодкі Слуцкага збройнага чыну



Беларусы Варшавы аддалі даніну памяці змагарам Слуцкага збройнага чыну 1920 году.

На пляцы Жалезнай Брамы, каля помніка Тадэвушу Касцюшку, пад бел-чырвона-белымі сцягамі сабралася каля сотні чалавек, каб успомніць гераічную старонку беларускай гісторыі і памаліцца за беларускіх герояў, якія адстойвалі незалежнасць краіны ў 1920-м  і ў 2020-м гадах, кажа ксёндз Вячаслаў Барок:

– Узгадваючы гэтую падзею, я заахвочваю кожнага з вас, незалежна ад таго, да якой канфесіі хто з нас прыналежыць, узнесці свае думкі на пачатку да Бога і ўзгадаць усіх герояў у нашай Бацькаўшчыны Беларусі.

Адзін з арганізатараў акцыі кіраўнік партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Варшаве, гісторык Яўген Дудкін гаворыць, што Слуцкі збройны чын не ўзгадваецца ні ў школе, ні ва ўніверсітэце:

– Мы маем чамусьці толькі тых герояў, якія змагаліся за камунізм. Калі мы глядзім на сітуацыю са Слуцкім збройным чынам. Звычайныя сяляне, якія бачылі колькасць гэтай зброі, патэнцыял, але ўсё роўна выступілі супраць ворага.

Да гонару арганізатараў, праграма акцыі была вельмі насычанай. Выступы людзей, супольныя малітвы, патрыятычныя песні ўкраінскага барда Рамана Корбута ў тым ліку былі ўспрыняты з уздымам. Завяршылася акцыя супольным гімнам “Магутны Божа”.  

Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя