Беластоцкі драмтэатр рыхтуецца да фестывалю «Напрамак Усход»



Беластоцкі драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі атрымаў фінансавую падтрымку ад Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны на правядзенне сёлета чарговага фестывалю «Напрамак Усход».

Ужо чацвёрты раз у сталіцу Падляшша прыедуць тэатральныя калектывы з-за ўсходняй мяжы ды таксама польскія, якія ў сваіх спектаклях закранаюць «усходнюю тэматыку». Больш таго, сёлета ў тэатры плануюць новы тэатральны сезон распачаць з фестывалю «Напрамак Усход», кажа прадстаўніца тэатра Мартына Занеўская.

– У 2020 годзе хацелі б распачаць новы мастацкі сезон фестывалем «Напрамак Усход». Гэта будзе першая падзея, на якую мы запросім нашых гледачоў.

Тэатральны праект «Напрамак Усход» фінансуецца пераважна з міністэрскай праграмы «Тэатр і танец». Датацыя на фестываль ужо пятая, сярод тых, што ад міністэрства атрымаў мясцовы тэатр. Фестываль у Беластоку праходзіць з 2017 года. У яго рамках сваю творчасць на Падляшшы прэзентавалі тэатральныя калектывы з Беларусі, Украіны, Літвы, Грузіі, а таксама польскія тэатры.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота zabytek.pl