Беластоцкі тэатр імя Венгеркі едзе на гастролі ў Гародню і Менск



Гастролі драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі з Беластоку адбудуцца ў Гародні і Менску. Гледачы змогуць убачыць спектакль „Помста” рэжысёра Генрыка Талара паводле аднайменнага камедыйнага твору польскага класіка Аляксандра Фрэдры.

Кажа дырэктар тэатру Пётр Паўторак:

– Польская класіка. Зроблена адначасна і класічна, тэкст цалкам захваны. І зроблена сучасна. У гэтым спектаклі граюць пераважна кабеты, нават мужчынскія ролі. Ёсць толькі адзін мужчына, не атрымалася яго замяніць. Спектакль папулярны ў Беластоку. Рэжысёр Генрык Талар проста выдатна зрабіў гэты спектакль.

Гастролі ў Беларусі адбываюцца згодна з падпісанай умовай аб сумеснай працы з беларускімі тэатрамі, – адзначае Пётр Паўторак:

– Драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі ў Беластоку мае падпісаную ўмову аб супрацоўніцтве з тэатрамі ў Гародні і ў Менску. Гэтая супраца развіваецца паспяхова. Беларускія тэатры таксама прыязджаюць,на нашае запрашэнне на фестываль «Напрамак Усход», сёлета ў трэці раз ён адбудзецца. Гэтая супраца добра дзейнічае, спадзяюся, што так і будзе працягвацца.

18 чэрвеня «Помсту» ў версіі драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі можна будзе пабачыць у Гарадзенскім драматычным тэатры, а 20 чэрвеня – у Менску, у Рэспубліканкім тэатры беларускай драматургіі.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя