Бельск і Гайнаўка разам вырашаюць пытанне з бытавымі адкідамі



Бельск Падляшскі і Гайнаўка хочуць пабудаваць новыя пункты селектыўнага збору бытавых адкідаў.

Бурмістры Бельска Падляшскага Яраслаў Бароўскі і Гайнаўкі – Юры Сірак падпісалі дамову на супольную рэалізацыю інвестыцыі “Пабудова пунктаў селектыўнага збору бытавых адкідаў на тэрыторыі горада Бельска Падляшскага і горада Гайнаўкі”.

Паводле Яраслава Бароўскага, супольная  заяўка ў  Нацыянальны фонд аховы асяроддзя і воднай гаспадаркі стварае большы шанец атрымаць фінансаванне:  

– Таму супольна, бо калі б стартавалі ў гэтым конкурсе асобна, а гэта конкурс агульнапольскі, ані Гайнаўка, ані Бельск Падляшскі не мелі б шанцаў, каб дастаць многа пунктаў і прайсці тыя кваліфікацыі. Калі мы гэта зробім разам, то разам будзем мець больш за 45 тысяч жыхароў і многа тон гэтага смецця ў суме, гэта дасць нам значна больш пунктаў.

Юры Сірак спадзяецца, што праект будзе адобраны камісіяй:

– Маем дзве магчымасці: або будзем рабіць гэта за свае грошы, было б гэта больш сціпла і будоўля расцягнулася б у часе, або трэба шукаць вонкавае фінансаванне і зрабіць пунт прафесійны, які будзе добра падыходзіць і для сёння, і на будучыню.

Кошт інвестыцыі складае 7,2 мільёна злотых. Нацыянальны фонд аховы асяроддзя і воднай гаспадаркі можа прафінансаваць праект нават у памеры 85%. Заяўкі можна складаць да 29 снежня.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя