Бельск Падляшскі стварае праграму свайго абнаўлення



Змяненне якасці жыцця жыхароў, рашэнне існуючых сацыяльна-эканамічных праблем, павышэнне прывабнасці і функцыянальнасці гарадской прасторы – гэта асноўныя задачы распрацоўкі і рэалізацыі “Лакальнай праграмы абнаўлення горада Бельска Падляшскага”. У Бельскім доме культуры прайшла першая сустрэча, прысвечаная праграме.

Прадстаўнікі бельскай гарадской управы, няўрадавых арганізацыі, жыхары ды прадпрымальнікі пачулі падрабязнасці праекта ад Агнешкі Ольэндэр, якая прадстаўляе фірму-стваральніцу праграмы:

– Калі ў нас атрымаецца інтэнсіўна папрацаваць у чэрвені і ліпені і ўдасца знайсці ў жыхароў Бельска энергію, каб супольна гэты час выкарыстаць для працы, а потым калі дэпутатам гміны ўдасца гэтую праграму прыняць, то будем мець рэальныя шанцы на атрымаенне сродкаў ужо ў кастрычніку, і напрыканцы года, або напачатку наступнага вынікі гэтай дзейнасці ўжо павінны быць бачныя.

Раён, які можа быць абноўленым ужо вызначыўся – ён знаходзіцца ў цэнтры горада, але яго абсяг можа памяняцца – калі так вырашаць жыхары. Першая рабочая сустрэча – даследчы шпацыр па вызначаным раёне пройдзе ў аўторак 13 чэрвеня. Пачатак у 16.30 пад Бельскай Ратушай. 

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара