Бельскую ратушу чакае капітальны рамонт



1 801 196 злотых будзе каштаваць рамонт ратушы ў Бельску Падляшскім. 872 216 злотых – складае дафінансаванне з фондаў Еўразвяза.

Атрыманыя сродкі дазволяць зрабіць грунтоўны рамонт, кажа кіраўнік Музея ў Бельску Падляшскім аддзялення Падляшскага музея ў Беластоку Аліна Дэмбоўска.

Наша ўстанова працуе ў ратушы з 1984, а апошні капітальны рамонт у ратушы быў зроблены напрыканцы 70-х пачатку 80-х гадоў, адзначае Дэмбоўска:

– Будзе зменены дах, будуць рамантавацца залі, а таксама заменена ацяпляльная сістэма і электрыка. Будзе абсталяваны склад, будуць спецыялістычныя шафы, дзе можна будзе захоўваць экспанаты. Хочам зрабіць невялікую адукацыйную залю, а таксама макет звонку ратушы з бронзы.

На час рамонту музей будзе перанесены з ратушы ў памяшканне былога Комплексу школ па вуліцы Відоўска 1. Музей пачне працаваць з траўня. Рамонт праводзіцца Падляшскім музеем у Беластоку і Гарадской управай горада Бельска Падляшскага.

 

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара