Бурмістр Бельска пра ўцекачоў, тэрабарону і адносіны з Беларуссю



Вайна ва Украіне паўплывала на жыццё ў тым ліку падляшскіх гарадоў. Бельск Падляшскі не стаў выключэннем: горад прыняў украінскіх уцекачоў і арганізуе гуманітарную дапамогу. Чым яшчэ жыве Бельск сёння – дазнаемся ў размове з „Госцем Рацыі” бурмістрам горада Бельска Падляшскага Яраславам Бароўскім

РР: Ведаю, што Бельск далучыўся да дапамогі бежанцам з Украіны.

– Так. Можна сказаць, што ад канца лютага ў нашым горадзе існуе такі штаб дапамогі для тых, хто ўцякаў з Украіны ад вайны. Амаль 100 дзён там ідзе вайна. У Бельск прыехала больш за 500 уцекачоў. Некаторыя бежанцы праз некалькі дзён ехалі далей, некаторыя вярнуліся ва Украіну. Амаль 600 бежанцаў на сённяшні дзень у нашым горадзе, якім трэба дапамагаць. Гэтыя людзі могуць атрымаць дапамогу ў гарадскім асяродку дапамогі, могуць падавацца на атрыманне грашовай дапамогі на дзяцей. З 600 асоб 90 жывуць у гатэлях, а астатнія жывуць у дамах і кватэрах людзей.

РР: Гэта не сваякі, а проста людзі прынялі?

– Мажа адзінкавыя сітуацыі і былі, што хтосьці да сваёй сям’і прыехаў. Але трэба памятаць пра тое, што ў Бельску Падляшскім існуе Саюз украінцаў Падляшша. Ёсць школа, у каторай дзеці могуць вучыць украінскую мову, ёсць ансамблі. Супрацоўніцтва з Украінай было, таму людзі ведалі. Гэта не тое, што хтосьці прыехаў і не ведаў, што ў гэтым горадзе будзе. Упершыню прыязджалі такія, што ведалі, што хтосьці іх прыме. Пазней пачалі з’яўляцца такія, што не ведалі куды яны даедуць, дзе яны застануцца. Дапамагаем гэтым людзям. Ёсць месцы ў садках, але не многа дзяцей у садкі ходзіць, у школы больш дзяцей запісана. Няма спецыяльнай класы, дзе б яны былі ўсе ў адным класе, яны параскіданыя. Трэба сказаць, што Бельск мае горад пабрацім ва Украіне – гэта горад Рахаў, што на Закарпацці. У гэтым горадзе пакуль яшчэ вайны няма. Гавораць, што Закарпацце – гэта самая бяспечная частка Украіны, але туды таксама ўцякаюць людзі, хто з усходніх раёнаў Украіны. Яны не ўсе ўцякаюць за мяжу, шукаюць спакойнага месца ў межах сваёй айчыны. Там ёсць такі пункт, у якім гэтыя людзі прыбываюць. Мы прыгатавалі такую гуманітарную дапамогу, якую збіралі. Мы завязлі гэтую дапамогу туды, каб дапамагчы тым людзям. Можна сказаць, што не мінае тыдня, каб не было нейкай просьбы ад украінскага боку. Патрабуюцца машыны, медычныя сродкі. Не ўсё мы можам ім даць, каардыную гэтую дапамогу ў нашым ваяводстве ваявода. Калі да нас трапіць такая просьба, то мы гэтую просьбу перадаём вышэй у Беласток. Мы арганізуем канцэрты, на якіх збіраем сродкі ці ежу, так што стараемся дапамагаць.   

РР: Ведаю, што вы хацелі, каб у вас было нейкае аддзяленне тэрытарыяльнай абароны.

– Так, мы супольна з адным з дэпутатаў польскага Сейму падпісалі апеляцыю да міністра абароны, каб у Бельску быў батальён тэрытарыяльнай абароны. Бельск Падляшскі – гэта найбольшы горад у паўднёвай частцы Падляшскага ваяводства. У стратэгіі ваяводства ён упісаны, як субрэгіянальны асяродак, таму лагічна, каб у нас быў такі батальён. У Бельску функцыянуе вайсковы мабілізацыйны цэнтр, які ахоплівае чатыры паветы: Бельскі, Гайнаўскі, Сямятыцкі і Высока Мазавецкі. Мы сустракаліся з вайскоўцамі, якія там працуюць. У нас ёсць вялікая зацікаўленасць далучэннем да тэрытарыяльнай абароны. Пакуль напэўна няма сродкаў, каб стварыць такі батальён сёння, але магчыма будзе праз паўгода, можа праз год. Мы даем месца, дзе яго можна арганізаваць. Сёння такія батальёны знаходзяцца ў Беластоку, у Сувалках, у Ломжы і ў Гайнаўцы. Бельск Падляшскі таксама можа прыняць такі батальён.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Нашым госцем быў бурмістр горада Бельск Падляшскі – Яраслаў Бароўскі. 

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]