„Буры” – не герой (абноўлена)



У   Раённым судзе ў Гайнаўцы, на Падляшшы, у панядзелак пачаўся суд над амаль трыма дзясяткамі  чалавек, якіх абвінавачваюць у блакаванні сёлетняга  Маршу выклятых жаўнераў. Акцыю ўжо некалькі гадоў запар, нягледзячы на супраціў мясцовых жыхароў і ўладаў, ладзяць польскія нацыяналісты.

Учорашняе паседжанне суда будзе мець працяг 30-га кастрычніка. Тады будуць даваць паказнні сведкі. У тым ліку паліцыянты, якія ахоўвалі марш, і заангажаваная ў нацыяналістычную дзейнасць у Гайнаўцы Барбара Палешук, адна з афіцыйных арганізатараў шэсця.

* * * 

У  Гайнаўцы 21 кастрычніка пачаўся суд над амаль трыма дзясяткамі  чалавек, якіх абвінавачваюць у блакаванні сёлетняга Маршу выклятых жаўнераў. 

Сярод герояў, якіх яны ўшаноўваюць, ёсць Рамуальд Райс «Буры», адказны за карныя аперацыі ў беларускіх вёсках на Падляшшы ў пасляваенныя гады. На лаве падсудных –  актывісты арганізацыі «Грамадзяне РП», «Камітэту абароны дэмакратыі» ды іншыя асобы, якія 23-га лютага хацелі спыніць марш нацынаялістаў у цэнтры Гайнаўкі.

Абвінавачванне выстаўлена 26-ці асобам. Як паведамляе польская штодзёнка Gazeta Wyborcza, рыхтуюцца чарговыя 50 заяваў у суд. Паліцыя абвінавачвае актывістаў у парушэнні трох артыкулаў Кодэксу аб дробных правапарушэннях, якія прадугледжваюць пакаранне за чыненне перашкоды легальнаму мерапрыемству. За гэта ім пагражае арышт да 14 дзён, штраф, вымова або абмежаванне свабоды.

Атрад  Рамуальда Райса, псеўданім «Буры», у  1946 годзе забіў 79 праваслаўных беларусаў, у тым ліку дзяцей і жанчын. Інстытут нацыянальнай памяці прызнаў, што гэтае злачынства мела прыкметы генацыду. На шляху сёлетняга маршу нацыяналістаў, якія няслі партрэты з выявамі «Бурага», іх чакалі «Грамадзяне РП». Яны трымалі транспарант «Буры — не герой» і табліцы з назвамі вёсак, якія знішчыў атрад Рамуальда Райса. На асфальт яны кінулі 79 белых ружаў.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]